Па месцах славы партызанскай

рубрыка :
8079.jpg

28 чэрвеня -- Дзень вызвалення Круглянскага раёна ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Мінула 73 гады з таго часу, калі з прыдруцкага краю выгналі захопнікаў, але колькі б не прайшло гадоў, памяць жывая. Іменна да гэтай знамянальнай для раёна даты, з мэтай патрыятычнага выхавання моладзі, і была запланавана паездка на першую партызанскую зямлянку, якая знаходзіцца за вёскай Дарожкавічы ва ўрочышчы Клін Філатаўскага сельскага Савета. Арганізатарамі мерапрыемства сталі раённы савет ветэранаў, аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама, РА ГА“БРСМ”.
Партызанская зямлянка была рэстаўрыравана ў 2008 годзе напярэдадні Дня Незалежнасці Рэспублікі Беларусь. Першым памочнікам у гэтай справе стаў дырэктар ДЛГУ “Цяцерынскае” Л.А.Ціханаў, які выдзеліў на рэстаўрацыю зямлянкі лес, тэхніку для дастаўкі драўніны. А каардынатарам быў С. А. Лазоўскі, у той час начальнік аддзела па справах моладзі райвыканкама. У рэстаўрацыі ўдзельнічаў і старшыня тагачаснага Кручанскага (цяпер Філатаўскага) сельскага Савета А.І Токараў. Для яго гэта справа --святая памяць бацькі, памяць партызанскай славы.
І вось ужо стала традыцыйным праводзіць патрыятычныя мера-прыемствы каля першай зямлянкі камбрыга Сяргея Жуніна, які пасля вайны сам адшукаў месца сваёй першай базіроўкі. Аб падзеях тых грозных дзён ён расказаў у кнізе “Ад Дняпра да Буга”.
У аўтобусе, які накіраваўся на месца партызанскай славы, знаходзіліся старшыня прэзідыума раённага савета ветэранаў М.Ц. Арашкаў і адказны сакратар Л.М. Сазановіч, спецыяліст аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама С.П.Сычова, галоўны захоўнік фондаў раённага краязнаўчага музея Н.С. Нікіценка, ветэранскі актыў раёна. Разам з выхавацелямі аздараўленчага лагера “Радуга” Т.М. Быкавай і А.М. Галубцовай, начальнікам В.І.Пажарыцкай на зямлянку адправіся яго выхаванцы, дзеці малодшых класаў. Суправаджала ўдзельнікаў мерапрыемства медсястра Кручанскай амбулаторыі А.А. Пятроў-ская. Адным словам, паездка была арганізавана на вышэйшым узроўні. Старшыня раённай ветэранскай арганізацыі М.Ц. Арашкаў выказаў шчырую падзяку дырэктару ДЛГУ “Цяцерынскае” Л.А. Ціханаву, які па яго просьбе выдзеліў транспарт для пад’езду да зямлянкі па лясных дарогах ад вёскі Дарожкавічы, падраздзяленню Кручанскага лясніцтва, галоўнаму ляснічаму В.М.Кундзялеву, за тое, что лясная сцежка, якая вядзе да землянкі, акуратна прачышчана, высечана кустоўе. Клапоціцца, каб месца першай стаянкі партызан знаходзілася ў належным стане, і старшыня Філатаўскага сельскага Савета А.І.Токараў.
Вось, нарэшце, і лясная паляна. Цёплы летні дзень настоены на водары жывіцы і цішыня, якую захоўваюць стогадовы дуб і елкі, што параслі пазней. Стары лес тут быў высечаны, на яго месцы пасаджаны новы. Але засталіся і дрэвы-старажылы, нямыя сведкі грознага часу.
Першым перад прысутнымі выступіў старшыня раённай ветэранскай арганізацыі М.Ц. Арашкаў. Ён гаварыў аб тым, што свята вызвалення раёна і ўсёй рэспублікі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, Дзень Незалежнасці Рэспублікі Беларусь, які святкуецца 3-га ліпеня, -- вельмі значымыя для нас даты. Бо жывём мы на мірнай, шчаслівай зямлі. А наведванне вось такіх месц з мэтай патрыятычнага выхавання моладзі -- святы абавязак старэйшага пакалення. Мы перадаём ім эстафету памяці, якой жыць у вяках.
Усім удзельнікам мерапрыемства, і асабліва дзецям, цікава было паслухаць аповед аб падзеях вайны з вуснаў яе непасрэднага ўдзельніка, ветэрана Вялікай Айчыннай з вёскі Круча М. У.Дзем’яновіча. Яго запрасілі сюды, як самага паважанага госця. Мікалай Уладзіміравіч з хваляваннем успамінаў сваё апаленае вайной юнацтва. Дванаццацігадовым хлапчуком ён ужо ўдзельнічаў у змаганні з ненавісным ворагам, дапамагаў партызанам, быў цяжка паранены. Ветэран гаварыў, і голас яго зрываўся. Вельмі цяжка было для яго ўспамінаць мінулае. Расказваў аб падзеях вайны і член ветэранскага актыву М.І. Мацюшэўскі, які прыехаў на сустрэчу разам з унукам Ванем.
Падрабязна паведала аб падзеях той вайны галоўны захоўнік фондаў раённага края-знаўчага музея Наталля Нікіценка. Яна расказала аб партызанскім руху на тэрыторыі раёна. Уважліва слухалі яе дзеці. А навакол таямніча шумеў лес. І хвілінай здавалася, што не мінула шмат гадоў з той пары, калі тут знаходзіліся сапраўдныя партызаны. І зараз выйдзе ўсім насустрач легендарны камбрыг Сяргей Жунін, вядомыя партызанскія камандзіры Ціхан Кавецкі і Аляксандр Тэрноўскі. Гэта яны разам з сябрамі знаходзіліся ў зямлянцы восенню 1941 года. Іх тады было шасцёра, і гэта стала пачаткам партызанскага руху. Удзельнікі мерапрыемства даведаліся, што першая партызанская група на Кругляншчыне ўзнікла ўжо ў ліпені 1941 года ў аколіцы вёсак Аладзінка і Баравуха. У яе састаў уваходзілі С. Жунін, Ц.Кавецкі, А. Калінін, А. Тэрноўскі, А. Яшын і А. Дасевіч. У 1942 годзе да групы Жуніна далучыліся групы Шарстабітава і Кудраўцава. Так узнік атрад “Сяргея”.
Шумеў каля зямлянкі лес. А людзі маўчалі. Яны мінутай маўчання ўшанавалі памяць усіх загінуўшых на вайне і паклалі да зямлянкі жывыя кветкі. Некалі на гэтай зямлі ішлі ў бой партызаны і паміралі маладымі за наша шчасце. Памяць аб іх доблесці назаўсёды ў сэрцах жывых. Наведалі ў гэты дзень удзельнікі мерапрыемсва і брацкую магілу загінуўшых партызан у вёсцы Паўлавічы, а таксама месца захавання савецкіх лётчыкаў у вёсцы Казіміроўка. На іх магілы таксама ляглі жывыя кветкі.
Святлана Варапаева.
Фота аўтара.

Архіў

лістапад 2017
панаўтсерчцвпятсубняд
303112345
6789101112
13141516171819
20212223242526
27282930123

Уверх