Зямля бацькоў – зямля Герояў

Не толькі подзвігамі на палях баёў, але і працоўнай доблесцю славіцца Кругляншчына і яе людзі. Гэта яны адрадзілі з руін і попелу родную зямлю, залячылі раны вайны, прымножылі багацце не толькі малой радзімы і дабрабыт яе жыхароў, але і ўсёй Беларусі.
І сярод іх лепшыя з лепшых, каго Айчына адзначыла ганаровым званнем Героя Сацыялістычнай Працы. У ліку іх нашы землякі Анатоль Ануфрыевіч Бужынскі, Пётр Дзмітрыевіч Клімкоў, Канстанцін Рыгоравіч Паўлянковіч.
Нарадзіўся Анатоль Ануфрыевіч Бужынскі ў вёсцы Дразды ў сялянскай сям’і. Закончыў сямігодку ў Комсенічах.
Самыя першыя і самыя прыемныя ўспа-міны ў яго звязаны з хлебам. Калі маці пачынала рыхтавацца да яго выпякання, Толя, як самы старэйшы з дзяцей, выбіраў бярозавыя і альховыя палены, бо толькі такія дровы патрэбны былі для гэтага.
І вось праходзіў нейкі час, і ўся хата напаўнялася ні з чым не параўнальным пахам свежавыпечанага хлеба. Не забыў ён і цяжкія гады вайны, калі прыходзілася дзяліць яго па маленькаму кавалачку.
Усё помніў. З малых гадоў зведаў цану хлеба, навучыўся паважаць працу хлебароба. Але не гэта паўплывала на выбар прафесіі. Думаў ён стаць настаўнікам. І пасля сямігодкі паспяхова здаў іспыты ў Магілёўскае педвучылішча, але калі прыйшоў выклік, адмовіўся ехаць.
А як ехаць? Анатоль бачыў, як цяжка прыходзіцца бацькам, бо ў хаце шасцёра дзяцей. Як пракарміць усіх, апрануць? А тут яшчэ на яго грошы трэба. Ці справяцца? Пасля невялікага роздуму вырашыў набыць рабочую спецыяльнасць. Падаў дакументы і паступіў у вучылішча ФЗН харчавікоў.
Сам Анатоль Ануфрыевіч прызнаваўся: “Можна сказаць, выпадкова туды трапіў. Туды яшчэ ішоў набор, таму і падаў дакументы на хлебапякарнае аддзяленне. Цяпер і сам не шкадую, што так атрымалася…”.
Невядома, які б з яго атрымаўся настаўнік, а вось майстрам хлебапячэння ён стаў выдатным. З 1949 года цеставод, пекар Мінскага хлебазавода № 2. Гады, якія прынеслі ўсеагульнае прызнанне, былі гадамі пастаяннай прафессійнай вучобы і творчых пошукаў. Без адрыву ад вытворчасці закончыў ён палітэхнікум у Маладзечне і стаў пекарам-майстрам першага класа.
Год ад году расло майстэрства Анатоля Ануфрыевіча, ён стаў выдатным спецыялістам. Столькі званняў, узнагарод і падзяк, сярод якіх “Заслужаны работнік прамысловасці БССР” (1972), якія ён атрымаў за гады сваёй працы. Дэвізам яго жыцця заўсёды былі словы “Дасягнутае – не мяжа! Узяў адзін рубеж – імкніся да другога, найбольш высокага”.
Свае веды і вопыт Анатоль Ануфрыевіч Бужынскі ахвотна перадаваў моладзі. Ён штогод навучаў прафесіі 7-8 чалавек. І не толькі навучаў, а імкнуўся, каб яго вучні ніколі не гублялі гонару рабочага чалавека.
За высокія паказчыкі ў рабоце А. Бужынскі быў ўзнагароджаны ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга. Яго імя занесена ў Кнігу славы Мінхарчпрама.
Звання Героя Сацыялістычнай Працы А.А. Бужынскі ўдастоены ў 1974 годзе.
Вёска Дарожкавічы – малая радзіма Пятра Дзмітрыевіча Клімкова.
Тут ён нарадзіўся 23 красавіка 1923 года. Закончыў школу і прафтэхвучылішча ФЗН. З 12 ліпеня 1941 года ён ужо быў на фронце, куды пайшоў дабраахвотнікам. Змагаўся на Калінінскім, Паўночна-Заходнім, 3-м Беларускім, 1-м Прыбалтыйскім франтах. Ягоны баявы шлях адзначаны ўзнагародамі.
Сваю працоўную дзейнасць Пётр Дзмітрыевіч звязаў з Віцебскім дывановым камбінатам, дзе працаваў з мая 1950 па жнівень 1991 г. Спачатку быў вучнем слесара, затым – памочнікам майстра. І на кожнай прыступцы свайго вытворчага росту дасягаў дасканаласці, вучыўся сам і вучыў іншых.
Як чалавек адказны і творчы, часта быў ініцыятарам добрых спраў.
Людзі старэйшага пакалення памятаюць пра пачын Валянціны Гаганавай. П.Д. Клімкоў узяў на ўзбранне прыклад гэтай працаўніцы тройчы пераходзіў у адстаючыя брыгады і выводзіў іх у лік перадавых. Шмат іншых добрых спраў было яшчэ на рахунку нашага земляка. Дружны, згуртаваны калектыў выхаваў майстар, яго брыгада пастаянна займала перадавыя пазіцыі на прадпрыемстве. Кавалер ордэна Леніна, Пётр Дзмітрыевіч актыўна займаўся грамадскай дзейнасцю. Быў дэпутатам раённага, гарадскога, абласнога Саветаў дэпутатаў, неацэнны ўклад унёс у развіццё эканомікі горада, працаваў у складзе Вярхоўнага Савета СССР шостага склікання. Не раз даводзілася перадавіку вытворчасці прадстаўляць рабочы клас Віцебска на міжнародных і ўсесаюзных форумах.
Звання Героя Сацыялістычнай Працы ўдастоены ў 1966 годзе. У 1977-м П.Д. Клімкоў быў прызнаны Ганаровым грамадзянінам Віцебска.
Па праву Кругляншчына можа ганарыцца яшчэ адным земляком.
Канстанцін Рыгоравіч Паўлянковіч, былы трактарыст Паўлавіцкай МТС таксама быў удастоены звання Героя Сацыялістычнай Працы.
Памятны 1917 год стаў годам нараджэння будучага Героя. Вядома, што і яму давялося абараняць Радзіму і сваю родную вёсачку Цімохаўка.
У гады вайны, якая забрала мільёны жыццяў, быў франтавым шафёрам. Не раз, рызыкуючы жыццём, пад артылерыйскім аб-стрэлам падвозіў Канстанцін Рыгоравіч на перадавую боепрыпасы для байцоў.
Прыязджаў часцяком з прадзіраўленай, зрашэчанай кулямі і асколкамі кабінай. Ездзіў па франтавых дарогах да самай Перамогі. Як ваяваў? Баявыя ордэны таму сведчанне.
Мірная праца – вялікая радасць для ўсіх, а для тых, хто вярнуўся з палёў баёў, найбольш. З 1951 года К.Р. Паўлянковіч на Мінскім аўтазаводзе. Прывабіла тое, што прадпрыемства будзе вырабляць дызельныя машыны. На фронце даводзілася ездзіць на бензінавых, а дызельныя былі рэдкасцю. Такія рухавікі ставілі толькі на танкі.
Былога франтавіка сустрэлі вельмі пры-хільна. Заводу патрэбны былі вопытныя шафёры для выпрабавання першых “МАЗаў”.
З нейкай урачыстасцю асцярожна адчыніў кабінку ззяючага свежай фарбай новенькага самазвала. Завёў рухавік, звыклым рухам уключыў перадачу – і машына паслухмяна зрушылася з месца.
Ён выехаў з заводскіх варот Абапал дарогі шчыльнай сцяной стаялі людзі, прывітальна махалі рукамі, усміхаліся. Узяты першы рубеж. І ніякія выпрабаванні ўжо не страшылі яго. Ён рабіў сваю справу самааддана і шчыра і нават не ўяўляў сабе, што Радзіма так высока ацэніць вынікі яго працы.
За гады працы К.Р. Паўлянковіча праз яго рукі прайшлі амаль усе маркі мінскіх аўтамабіляў. Сапраўдны экзамен на тэхнічную сталасць іх правёў выпрабавальнік. Дзе толькі не давялося пабываць яму за гады працы! Ён праехаў на МАЗах ледзь не ўвесь Савецкі Саюз, удзельнічаў у аўтапрабегу па пятнаццаці краінах Еўропы, працаваў у Афрыцы.
Свой вопыт Паўлянковіч перадаваў моладзі, выхаваў нямала майстроў кіравання аўтамабілем. Звяртаючыся да маладых, ён прызнаўся: “Я люблю сваю працу. Мне здаецца , што яна – самая лепшая. Шафёр-выпрабавальнік першы садзіцца за руль новай машыны. Ён, а не хто іншы, павінен рашыць, ці добра яна можа служыць чалавеку, ці паслухмяная, ці патрабуе ўдасканалення.
Я дакранаюся да сталёвых бакоў магутнага нашага самазвала і думаю: “Добры, надзейны конь! Мы стварылі цябе сваёй працай. І я разам з усімі. Ганаруся гэтым.
Я вельмі жадаю вам, дзеці, вырасці сумленнымі і працавітымі, бо толькі ў самаадданай працы можна знайсці сваё шчасце”.
Гэтыя словы сказалі б усе нашыя Героі Сацыялістычнай Працы. Ды і не раз гаварылі. Яны ўславілі сваёй працай зямлю, якая іх узгадавала, сваю Кругляншчыну.
Падрыхтавала да друку
Святлана ЛІСТАПАД.

Архіў

верасень 2018
панаўтсерчцвпятсубняд
272829303112
3456789
10111213141516
17181920212223
24252627282930

Уверх