80 гадоў на шляху стваральнасці

рубрыка :
153.jpg

Восем дзесяцігоддзяў назад рашэннем першай сесіі Вярхоўнага Савета СССР у ліку іншых была створана і наша Магілёў-ская вобласць, якая ўключала ў сябе 21 раён. Дарэчы, роўна столькі, колькі і зараз. Праўда, у 1944 годзе Бярэзінскі раён увайшоў у склад суседняй Мінскай вобласці. І толькі ў выніку чарговай адміністрацыйнай рэформы 60-х гадоў у склад Магілёўскай вобласці апошнім быў уключаны Глускі раён.
80 год – вельмі многа для аднаго чалавечага жыцця. У гісторыі рэгіёна – гэта проста значны адрэзак часу, багаты на розныя знакавыя падзеі.

У перадваенны час колькасць насельніцтва Магілёўскай вобласці складала паўтара мільёна чалавек. Менавіта тады былі пабудаваны такія буйныя прадпрыемствы, як фабрыка штучнага шоўку, аўтарамонтны завод імя Кірава ў Магілёве, дрэваапрацоўчы завод у Бабруйску, цэментны – у Крычаве, папяровая фабрыка “Спартак” у Шклове і інш.
У працэсе правядзення калектывізацыі ў Прыдняпроўскім краі было аб’яднана звыш 90 працэнтаў сялянскіх гаспадарак.
У гады Вялікай Айчыннай магілёўскі рэгіён паказаў прыклад нябачнай стойкасці і патрыятызму. Велізарных сіл ад жыхароў Прыдняпроўскага краю патрабавала і ўзнаўленне народнай гаспадаркі. Не выпадкова Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 8 ліпеня 1967 года Ма-гілёўская вобласць за актыўны ўдзел у Вялікай Айчыннай вайне 1941-1945 гг. і значныя дасягненні ў рабоце народнагаспадарчага комплексу ўзнагаро-джана ордэнам Леніна.

У 60-70 гады Магілёўшчына стала вобласцю вялікай хіміі. Пачалі выпускаць прадукцыю адзін з буйнейшых у Еўропе камбінат “Хімвалакно” і “Бабруйскшына”.
У 1991 годзе адкрыта новая старонка ў гісторыі вобласці як часткі суверэннай Рэспублікі Беларусь. На долю Прыдняпроўскага краю сёння прыходзіцца амаль дзесятая частка аб’ёмаў прамысловай і каля 15 працэнтаў сельскагаспадарчай прадукцыі краіны.
Асаблівы гонар слаўнай Магілёўшчыны – нашы людзі. Дастаткова звярнуцца да добра вядомых фактаў: 114 ураджэнцаў Магілёўшчыны сталі Героямі Савецкага Саюза , 113 – Героямі Сацыялістычнай працы. Тысячы людзей узнагароджаны ордэнамі і медалямі.
Аб усім гэтым гаварылася ў мінулую пятніцу на афіцыйных урачыстасцях у Магілёве, прысвечаных юбілею, у выступленні старшыні аблвыканкама Уладзіміра Даманеўскага. Была прадстаўлена гэтая тэма і ў вобразных кампазіцыях, якія мовай песеннага і танцавальнага мастацтва былі прадэманстраваны са сцэны абласнога Цэнтра творчасці, дзе і ладзілася даная сустрэча.

Павіншаваць вобласць, яе лепшых працаўнікоў са знамянальным святам прыехалі старшыня Савета Рэспублікі Міхаіл Мясніковіч, віцэ-прэм’ер Міхаіл Русы, іншыя высокапастаўленыя асобы краіны, а таксама прадстаўнікі шэрагу вядучых рэгіёнаў Ра-сійскай Федэрацыі і г. Масквы.
Юбілей – гэта свята для ўсіх і кожнага, хто ў розныя гады ўнёс свой пачэсны ўклад у развіццё вобласці. Вось чаму сярод удзельнікаў урачыстых мерапрыемстваў можна было ўбачыць людзей розных пакаленняў. У многіх з іх на святочных пінжаках і кашулях – узнагароды за бой і за працу.

Зроблена сапраўды вельмі многае. У цяперашні час у рэгіёне рэалізуецца каля 50 буйных інвестыцыйных праектаў, а свабодная эканамічная зона “Магілёў” стала драйверам росту інвестыцый у эканоміку вобласці. Пры гэтым развіваецца не толькі абласны цэнтр, але і рэгіёны.
Па словах Уладзіміра Даманеўскага, вобласць развівае гандлёва-эканамічныя адносіны са 116 краінамі. Толькі за мінулы год геаграфія экспарту расшырылася на 9 новых рынкаў.
“Дзякуючы актыўнай знешняй палітыцы і прасоўванню беларускай прадукцыі на новыя рынкі мы забяспечылі станоўчае сальда знешняга гандлю таварамі і паслугамі, памер якіх па выніках 2017 года наблізіўся да 1 мілярда долараў ЗША. Гэта адзін з лепшых вынікаў у краіне”, -- падкрэсліў Уладзімір Даманеўскі.
Асноўным нашым стратэгічным партнёрам, безумоўна, з’яўляецца Расія. На яе долю прыходзіцца больш 60 працэнтаў усяго экспарту рэгіёна. Разам з тым геа-графія знешніх паставак вобласці з кожным годам пашыраецца, што сведчыць аб канкурэнта-здольнасці беларускай прадукцыі.
З вялікім задавальненнем удзельнікі ўрачыстага пасяджэння ўспрынялі вестку аб аб’яўленні працаўнікам Магілёўскай вобласці Падзякі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнкі за значны ўклад ва ўмацаванне беларускай дзяржаўнасці і ў сувязі з юбілеем. Яе пад гучныя апладысменты прысутных агучыў Міхаіл Мясніковіч, а затым уручыў старшыні аблвыканкама Уладзіміру Даманеўскаму.
Як зазначыць Уладзімір Віктаравіч, Падзяка Прэзідэнта – гэта вельмі вялікая адзнака. Яна гаворыць аб высокім даверы і з’яўляецца стымулам для таго, каб у будучым працаваць яшчэ лепш, тым самым прымнажаючы традыцыі, якія закладзены мінулымі пакаленнямі.
“Магілёўская вобласць сёння ўпэўнена глядзіць у будучыню, -- зазначыў Міхаіл Мясніковіч. – На тэрыторыі рэгіёна рэалізуюцца сур’ёзныя прамысловыя, інавацыйныя праекты.”
Па яго словах, за добрымі паказчыкамі работы ў 2017 годзе, станоўчай дынамікай развіцця Прыдняпроўскага краю стаіць вялікая праца кіраўніцтва вобласці, кіраўнікоў прадпрыемстваў, арганізацый і, безумоўна, усіх працаўнікоў рэгіёна. Адрасуючы цёплыя словы ўсім прысутным у зале, Міхаіл Васільевіч перадаў Прывітальны адрас Савета Рэспублікі, а таксама ўручыў ганаровыя граматы і падзякі заслужаным лю-дзям вобласці.
Прыемна зазначыць, што сярод узнагароджаных быў і наш вядомы зямляк Віктар Кубека – спецыяльны карэспандэнт інфармагенцтва “Магілёўскія ведамасці”.
Ад імя ўраду краіны слова было прадстаўлена з трыбуны святочнай сцэны і намесніку прэм’ер-міністра Міхаілу Русаму. Ён выказаў шчырую удзячнасць тым лю-дзям, якія адстаялі гонар нашай зямлі ў гады Вялікай Айчыннай вайны, узнавілі ў пасляваенны час народную гаспадарку, а ў перыяд навейшай гісторыі здзейснілі велізарны подзвіг, зрабіўшы брэнды вобласці брэндамі краіны.
Ён таксама перадаў Прывітальны адрас і ўручыў лепшым працаўнікам рэгіёна Ганаровыя граматы Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь.
Тут да слова трэба сказаць, што ўрачыстыя мерапрыемствы ў Магілёве стартавалі яшчэ дзень назад, у час якіх у аблвыканкаме былі ўшанаваны заслужаныя людзі нашага Прыдняпроўскага краю, якія ўнеслі значны ўклад у развіццё рэгіёна.
За добрасумленную працу, высокі прафесіяналізм і ў сувязі з 80-годдзем з дня ўтварэння Магілёўскай вобласці губернатар Уладзімір Даманеўскі ўручыў Ганаровыя граматы і падзякі прадстаўнікам розных галін дзейнасці. У ліку ўзнагароджаных былі і настаўніца СШ № 1 г. Круглае Наталля Самалазава, аператар машыннага даення з ААТ “Круглянскі Рассвет” Святлана Супіянава.
Кругляншчына заўсёды славілася людзьмі працавітымі. І ўжо ў пятніцу прадстаўнічую дэлегацыю Круглянскага раёна ўзначаліў асабіста старшыня райвыканкама Анатоль Шчуплянкоў. На мерапрыемства, у прыватнасці, былі запрошаны: вадзіцель ААТ “Круглянскі Рассвет” Мікалай Бабарыкін, жывёлавод КСУП “Круглянскі-Агра” Жана Пудзікава, дырэктар ААТ “Круглянскі райаграпрамтэхснаб” Андрэй Сычоў, настаўнік СШ № 1 Алег Галаўкоў, маці-выхавальніца дзіцячага дома сямейнага тыпу Марыя Сапега, начальнік аддзела ЗАГС райвыканкама Наталія Шкапцова, галоўны ўрач цэнтральнай раённай бальніцы Іна Турко. Кожны з гэтых людзей мае ці то ўрадавыя ўзнагароды, ці вышэйшыя адзнакі ведамасных міністэрстваў. Але ў цэнтры асаблівай увагі аказалася ў гэты дзень ветэран працы, заслужаны работнік сельскай гаспадаркі, кавалер ордэнаў Леніна і Працоўнага Чырвонага Сцяга Марыя Арыстава.
Усе члены дэлегацыі прынялі актыўны ўдзел ва ўрачыстым сходзе, а напярэдадні пазнаёміліся з работай выстаў-прэзентацый прадпрыемстваў вобласці, наведалі шэраг устаноў сацыяльнай галіны і вытворчых аб’ектаў г. Магілёва.
Аляксандр ІВАНОВІЧ.
НА ЗДЫМКАХ: удзельнікі мастацкай самадзейнасці Круглян-скага раёна на святочных урачыстасцях; лепшыя жывёлаводы: сённяшні -- Жана Пудзікава і заслужаны ветэран працы Марыя Арыстава; у час наведвання дзіцячага сада №116; цікавая праграма была падрыхтавана і ў СШ №45 г. Магілёва; іх імёны добра вядомы на Кругляншчыне -- настаўнік Алег Галаўкоў і вясковы вадзіцель Мікалай Бабарыкін.

Архіў

лютага 2018
панаўтсерчцвпятсубняд
2930311234
567891011
12131415161718
19202122232425
2627281234

Уверх