У чатырнаццаць хлапчуковых гадоў...

9.jpg

У лютым адзначаў свой чарговы дзень нараджэння і 85-гадовы юбілей (па пашпартных даных) удзельнік вайны, ветэран працы з вёскі Круча М.У. Дзем’яновіч. І з гэтай нагоды да яго ў госці завіталі старшыня прэзідыума раённага савета ветэранаў М. Ц. Арашкаў, адказны сакратар Л.М.Сазановіч, загадчыца аддзела сацыяльнай дапамогі на даму цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва І.А.Прысь. Яны ўручылі юбіляру кветкі і падарункі. Жыццё Мікалая Уладзіміравіча доўгі час было звязана з лясной гаспадаркай, працаваў ён лесніком у Шапялевіцкім лясніцтве. У працоўным калектыве цяперашняга ДЛГУ “Цяцерынскае” не забываюць ветэрана. Старшыня прафкама Н. М. Кучарэнка і інжынер па абароне і ахове лесу С.А. Барсук таксама ўручылі Мікалаю Уладзіміравічу кветкі і падарунак.
...Ружавее раніца над вёскай Круча, пачынаецца ў клопатах новы дзень і гучыць недзе ўнутры душы малітва за цішыню, адплывае яна ў нябёсы, і верыць тады сівы ветэран, што цяпер заўсёды так і будзе -- спакойна і ціха. Ён ужо даволі пажыў на гэтай зямлі і цяпер тая малітва гучыць больш за спакой дзяцей, унукаў, праўнука Марата. За іх будучыню.
-- За два кіламетры ад Кручы была ў даваенны час вёсачка Варапаі з двух паселішчаў, -- пачаў свой аповед ветэран. -- Там я і нарадзіўся ў 1930 годзе. Варапаі 1 і 2, у якіх налічвалася каля дваццаці двароў, з усіх бакоў акружаў лес. Вяскоўцы ягаднай, грыбной парой хадзілі туды. Ведаў і я ўсе патаемныя лясныя сцежкі, што вельмі спатрэбілася пасля, у грозны ваенны час, калі стаў партызанскім сувязным. Мы шчасліва жылі да вайны, -- працягваў ён гаварыць, змахваючы слязу, -- людзі нашай вёскі вельмі дружныя паміж сабой былі, усе клопаты гуртам вырашалі. Вяселлі, радзіны спраўлялі… Шчасце абарвала вайна.
У суседнюю Кручу ўвайшлі немцы, а Варапаі, якія знаходзіліся ўбаку ад гулкага шляху, сталі прыстанішчам партызан. Амаль усе жыхары вёскі дапамагалі лясным змагарам. Падлетак Мікалай таксама не заставаўся ўбаку ад важнай справы. Іх сям’я перадала партызанам нават радыёпрыёмнік на батарэйках, што ў той час было вялікай рэдкасцю. А ўжо з зімы 44-га, рызыкуючы жыццём, выконваў і баявыя даручэнні (аб ты сведчыць архіўная даведка-рэд.). Звычайна з раніцы хлопец запрагаў каня ў сані і ехаў на Слаўнае. Там быў важны чыгуначны вузел, праз які ішлі шматлікія цягнікі, у тым ліку вайсковыя. Зразумела, у Слаўным жылі сем’і патрыётаў, з якімі і была наладжана сувязь. Толькі кемлівасць і розум выратавалі хлопца, калі аднойчы ён нарваўся на ворагаў у доме, у які зайшоў па заданню.
Назад у вёску вяртаўся Мікалай звычайна з запасам правізіі, вопраткай для лясных змагароў і важнымі звесткамі. Перадаваў усё гэта ў атрад праз сваіх суседзяў Івана Паўлянковіча і Васіля Піменава. Аднойчы «загружаўся» нават узрыўчаткай.
Само сабой зразумела, апрача Мікалая былі ў партызан і іншыя больш сталыя і вопытныя памочнікі з мясцовых людзей. Яшчэ з 1941 года. А ўжо 28 жніўня 1942-га народныя мсціўцы, правёўшы вялікую разведвальную і падрыхтоўчаю работу, сіламі некалькіх атрадаў разграмілі станцыю Слаўнае, разбурылі чыгуначнае палатно. Рух быў спынены больш чым на двое сутак. Урон ворагам, улічваючы ваенны стан, аказаўся настолькі значны, што аб гэтым далажылі непасрэдна ў стаўку Гітлера.
У тым жа 1942 годзе за сувязь з партызанамі ворагі спалілі Варапаі. Жыхары вёскі паспелі схавацца ў лесе, а затым вярнуліся на родныя папялішчы, жылі ва ўцалелых гаспадарчых будынінах, а большасць нават у зямлянках. Двойчы тыя зямлянкі затым яшчэ растрэльвалі з танкавых гармат, пляжылі гусеніцамі цяжкіх машын. А ўжо незадоўга да вызвалення, у 1944 годзе зноў рыхтавалі каты расправу над мірнымі жыхарамі ціхай вёсачкі. У той дзень Мікалай вяртаўся з задання. Партызаны, якія ўчынілі ворагам засаду на дарозе Слаўнае -- Круча, загадалі хлопцу, каб хуценька папярэдзіў людзей. Хлапчук, не звяртаючы на небяспеку, кінуўся бегчы, што ёсць моцы,каб ратаваць сваіх землякоў.
Сілы ў бітве партызан з немцамі былі няроўныя, а таму ворагі даволі хутка ўварваліся ў вёску.
Мікалай Уладзіміравіч гаварыў і голас яго зрываўся. Той страшны дзень ён не можа ўспамінаць спакойна, без слёз:
-- Мы выскачылі з зямлянкі і пад суцэльным агнём беглі да лесу, побач са мной апынулася суседка, яна і прыкрыла мяне ад кулі, а сама ўпала на траву, каб ужо болей ніколі не падняцца. Другая куля дагнала мяне каля самага лесу. Паласнула пякучым агнём, прабіла лёгкае, а я яшчэ ўсё бег, паваліўся хутка ў хвойніку на сухі мох. Далей нічога не памятаю. Мяне падабралі партызаны Грышына, лячылі ў атрадзе, потым пераправілі ў шпіталь у Талачын, а адтуль -- у Оршу.
Больш чым паўгода чатырнаццацігадовы хлапчук квола трымаўся за жыццё, але выжыў, вярнуўся дадому. Сустрэлі жывыя бацькі, і гэта было шчасце.
Жыццё працягвалася, бацька пачаў будаваць новую хату, але, відаць, перастараўся: калі вазіў бярвенні з лесу, цяжка пакалечыўся і памёр. Цяжка давялося без бацькі маці, мне і двум маім братам. Пагаравалі, пакуль паставілі хату.
Мікалай адслужыў у арміі на далёкім Сахаліне і зноў вярнуўся ў родны куточак, ажаніўся. Лідзія Анісімаўна стала добрай жонкай і гаспадыняй. Дом пабудавалі ў Кручы, дзе і цяпер жывуць. Выгадавалі Дзем’яновічы дваіх дзяцей, сына Уладзіміра і дачку Ірыну, якія засталіся жыць і працаваць у родным куточку. Парадавалі сваіх бацькоў дваімі ўнукамі. А цяпер ужо і праўнучак Марат падрастае ім на радасць. Таму і не заціхае малітва за цішыню, усё гучней і гучней яна ў сённяшнім неспакойным свеце. Удзельнікі вайны, дзеці вайны добра ведаюць, якой цаной за гэтую цішыню заплачана.
Святлана Варапаева.
На здымкАХ: М.У. Дзем’яновіч; Мікалай Уладзіміравіч, як ветэран вайны і працы, прымае віншаванні з днём нараджэння.

Архіў

верасень 2017
панаўтсерчцвпятсубняд
28293031123
45678910
11121314151617
18192021222324
2526272829301

Уверх