Клопаты пасяўной -- галоўныя

4.jpg

Не было яшчэ і васьмі гадзін раніцы, а на машынным двары ААТ “Круглянскі Рассвет” панавала цішыня.
-- Дык вы ж бачыце, якое цудоўнае надвор’е стаіць, -- заўважыўшы здзіўленне журналістаў, патлумачыў “абстаноўку” слесар, які, ўбачыўшы незнаёмых людзей, выйшаў да нас з варот рамонтнай майстэрні, -- вясна сёлета выдалася такая, што толькі паспявай паварочвацца ў полі, каб не запазніцца, адсеяцца ў аптымальныя тэрміны. І нашы механізатары не губляюць марна ніводнай гадзіны.
Тое ж пацвердзіў і галоўны аграном сельскагаспадарчага прад-прыемства Сяргей Астроўскі, які зазірнуў на мехдвор, каб на свае вочы пераканацца, што вадзіцель аўтазагрузчыка насення Сяргей Шпілеўскі завяршае рамонт сваёй тэхнікі і вельмі хутка зноў уключыцца ў работу.
-- Сонечнае і вельмі цёплае для гэтай пары года надвор’е нас знянацку не заспела, -- расказаў ён, -- але прымусіла ўнесці сур’ёзныя карэктывы ў рабочыя планы веснавой пасяўной. Глеба падсыхае не па днях, а літаральна па гадзінах. Вось і мусім спяшацца, што называецца, на ўсіх “франтах”, пачынаючы ад падкормкі азімых і сенажацяў і заканчваючы падрыхтоўкай глебы і сяўбой. І я, і ўсе нашы механізатары разумеюць: страцім сёння ў часе – страцім увосень ва ўраджаі.
-- Раней усіх, першым вывеў на палеткі свой агрэгат “Раса” механізатар Уладзімір Ямкоў. Ён унёс вадкае ўгнаенне КАС па плошчы 1186 гектараў. Бесперабойную падвозку і запраўку ёмістасці “Расы” КАС забяспечвае трактарыст Пётр Рулякоў.
-- Сёлета, -- з задавальненнем падзяліўся прыемнай навіною С. Астроўскі, -- гаспадарка лепш, чым летась, забяспечана мінеральнымі ўгнаеннямі. Але ж і арганіка будзе для палеткаў зусім не лішняй.
Работа па ўнясенні пад пасевы яравых гною ідзе ў гаспадарцы поўным ходам. Асабліва шчодра будуць запраўлены ім палеткі, адве-дзеныя пад кукурузу, галоўную кармавую культуру, якая размес-ціцца сёлета на плошчы 550 гектараў. Тон у рабоце тут задае машыніст агрэгата “Амкадор” Аляксандр Рыбакоў, які забяспечвае хуткую загрузку арганікі. На яе ўнясенні ў глебу штодня значна перавыконваюць нормы выпрацоўкі механізатары Анатоль Ружанцаў, Аляксандр Мацюшэўскі і Юрый Асіпёнак, якія працуюць на трактарах МТЗ-82 у агрэгаце з прычэпамі-раскідвальнікамі ПРТ-7.
Як і заўсёды, без прамаруджвання пачалася ў сельгаспрад-прыемстве і сяўба яравых зерневых і зернебабовых. Гэтая адказная работа даручана аднаму з самых вопытных механізатараў Івану Сімчанку. І ён пацвярджае свой высокі клас: штодня трактарам МТЗ-3522 у агрэгаце з сеялкай “Rabe” кладзе насенне ў глебу на плошчы 35-40 гектараў, што значна перавышае норму. Спачатку сеяў авёс, пшаніцу, а зараз у пасяўным агрэгаце сумесь аўса і гароху. Наступнай культурай стане ячмень. На рахунку руплівага механізатара ўжо 300 засеяных гектараў.
Паколькі працоўны дзень ва ўдзельнікаў пасяўнога канвеера ў “Круглянскім Рассвеце” доўжыцца ад світання да змяркання, у сельгаспрадпрыемстве ўсе, хто заняты работамі ў полі, штодня атрымліваюць смачныя абеды і вячэры. Рыхтуюць іх вопытныя повары Ірына Асіпёнак і Валянціна Іванова. Дастаўляе ежу ў поле вадзіцель Сяргей Сухоцкі.
-- Прымяняюцца ў нас і іншыя меры заахвочвання ўсіх, хто за-дзейнічаны на пасяўной, -- паведаміў галоўны эканаміст ААТ “Круглянскі Рассвет”, ён жа адказны за ідэалагічную работу ў калектыве Валерый Жушма. – Расцэнкі па ўсіх відах работ распрацаваны такім чынам, што пры перавыкананні нормы выпрацоўкі і забеспячэнні належнай якасці дзейнічаюць каэфіцыенты, якія значна павышаюць заробак. У гонар тых, хто асабліва вызначыўся на веснавым полі, штодня на машынным двары ўздымаецца Флаг Працоўнай славы. У “Круглянскім Рассвеце” у гэтыя дні ўсё падпарадкавана адной галоўнай мэце -- своечасоваму і якаснаму правядзенню веснавой пасяўной. І мы не сумняваемся ў тым, што механізатары сельгаспрадпрыемства падмацуюць свае добрыя намеры паспяховай работай.
Мікалай ВАДАП’ЯН.
Фото Аляксандра Паўлава
.

Архіў

верасень 2017
панаўтсерчцвпятсубняд
28293031123
45678910
11121314151617
18192021222324
2526272829301

Уверх