Майстэрству поле не дае адстаўкі

110.jpg

Калі пра чалавека кажуць, што ён сапраўдны хлебароб, то адразу з’яўляецца думка, што ён абавязкова жыве ў вёсцы, працуе ў сельскагаспадарчым прадпрыемстве. І нічога дзіўнага ў такім меркаванні няма, сапраўды большасць земляробаў-механізатараў маюць вясковую прапіску. Але ёсць у гэтай хлебаробскай сям’і людзі, якія, што называецца, ніяк не ўпісваюцца ў гэты “стандарт”.
Адзін з іх – Васіль Аляксеевіч Балотнікаў, механізатар ААТ “Круглянскі райаграпрамтэх-снаб”. Лічы, усё яго працоўнае жыццё звязана з гэтым прадпрыемствам і з работай на палетках. Няпэўна, няма ў раёне такога поля, на якім бы не шчыраваў ён на сваёй тэхніцы. Араў, сеяў, да-глядаў і падкормліваў пасевы ўгнаеннямі, вывозіў і ўносіў у глебу кампосты, нарыхтоўваў кармы. І заўсёды чуў у свой адрас толькі шчырыя словы падзякі за працу і ад кіраўніцтва райаграпрамтэх-снаба, і ад кіраўнікоў гаспадарак. Перапыніўся яго працоўны сельскагаспадарчы стаж пасля таго, як Васіль Аляксеевіч выйшаў на заслужаны адпачынак усяго на некалькі месяцаў.
Такім, як ён, поле не дае адстаўкі. І толькі рады таму ветэран, што па-ранейшаму запатрабаваны, што яго праца, вопыт работы на зямлі патрэбны гаспадаркам і раёну.
Дарэчы, у складзе механізаванага атрада прадпрыемства, які штогод прыходзіць на дапамогу вясковым механізатарам у час важнейшых сельскагаспадарчых кампаній, ёсць і яшчэ адзін пенсіянер, таксама заслужаны – Сяргей Канстанцінавіч Швяцоў,вядомы сваім высокім прафесіянальным майстэрствам.
-- Вясна сёлета як ніколі ранняя, -- кажа галоўны інжынер РАПТС Пётр Уладзіміравіч Ходараў, -- глеба хутка губляе запас вільгаці. Значыць, з пасяўной трэба паспяшацца. І наша дапамога вясковым механізатарам вельмі дарэчы.
Зараз механізаваны атрад прадпрыемства працуе на палетках КСУП “Круглянскі-Агра”. У гэтым сельскагаспадарчым прад-прыемстве пад яравыя назапашана звыш 37 тысяч тон арганічных угнаенняў. Аб’ём вялікі, і для таго, каб сваечасова яны былі ўнесены ў глебу, трэба добра пастарацца. А механізатары з Круглага ўмеюць працаваць зладжана і прадукцыйна.
-- І мы са свайго боку, -- гаворыць галоўны аграном сельгас-прадпрыемства М.А. Сербун, -- пастараліся ставарыць ім спрыяльныя ўмовы. Як і сваіх работнікаў, двойчы на дзень, у абед і вечарам, забяспечваем іх каларыйным гарачым харчаваннем. Каб выключыць непрадукцыйны расход дызельнага паліва, тэхніку на ноч па дамоўленасці механізатары атрада пакідаюць на нашым машынным двары. Самі ж падвозім іх штораніцы на працу, а ўвечары адвозім дамоў.
Усяго ў складзе механізаванага атрада РАПТС пяць механізатараў і столькі ж адзінак тэхнікі. Акрамя ветэранаў Балотнікава і Швяцова, на трактарах з гноераскідвальнікамі добра працуюць і іх мала-дзейшыя, але таксама вопытныя ўжо калегі – Іван Мікалаевіч Маслянковіч і Сяргей Пятровіч Пятроў. Бесперабойную пагрузку арганікі забяспечвае машыніст пагрузчыка “Амкадор” Сяргей Іванавіч Стральчонак.
-- Мы задаволены работай сваіх памочнікаў, -- кажа М.А. Сербун, -- працуюць у нашым сельгас-прадпрыемстве крыху больш тыдня, а ўнеслі ўжо ў глебу звыш палавіны нарыхтаванай арганікі.
Па тэмпах веснавой пасяўной КСУП “Круглянскі-Агра” – адзін з лідараў у раёне. У гэтым ёсць заслуга і механізатараў атрада РАПТС. І ветэраны яго, і моладзь шчыруюць на палетках як сапраўдныя гаспадары зямлі.
Мікалай ВАДАП’ЯН.
Фота Аляксандра Паўлава.

Архіў

лістапад 2017
панаўтсерчцвпятсубняд
303112345
6789101112
13141516171819
20212223242526
27282930123

Уверх