200 ліп для роднай вёскі
Экалагічнае выхаванне навучэнцаў становіцца зараз адной з найважнейшых задач грамадства і адукацыі. Найважнейшая форма экалагічнай адукацыі навучэнцаў – практычны ўдзел іх у той ці іншай экалагічнай дзейнасці. Арганізацыя і правядзенне акцый – дзейсны інструмент педагогікі супрацоўніцтва.
Так, у рамках правядзення акцыі па азеляненні тэрыторыі ў Год малой радзімы вучні Кручанскага НПК на працягу дзвюх мінулых субот пасадзілі 200 саджанцаў ліп не так далека ад школы. Моладзь працавала актыўна і весела. Станоўчых эмоцый дадавала цудоўнае надвор’е, а таксама ўсведамленне таго, што робіцца добрая справа.
Вучні пасадзілі не простыя дрэвы, а дрэвы сваёй мары. Яны ўклалі ў гэтыя маленькія дрэўцы ўсю сваю станоўча зараджаную энергію, сілы любові і дабра; загадалі самыя запаветныя жаданні, якія абавязкова спраўдзяцца, і вырашылі, што на працягу ўсяго года будуць сачыць за іх ростам. Гэта вельмі правільнае рашэнне! Бо лес і паркі трэба аднаўляць! Камусьці можа здацца, што гэта ці выканальная задача. Магчыма, і так, але, каб прайсці нават самую доўгую дарогу, трэба зрабіць першы крок.
Мы спадзяемся, што дрэвы прымуцца, і праз некалькі гадоў, калі многія навучэнцы пакінуць родныя сцены школы, – гэтыя дрэвы будуць для іх прыемным успамінам іх дапамогі прыродзе.
Сябры, старайцеся дапамагаць прыродзе, размалюйце яе каляровымі фарбамі, і тады свет стане ярчэй і дабрэй!
Таццяна Антанюк, настаўніца Кручанскага НПК.