Няхай шапочуць хвойкі ля крыніцы
“Ад прадзедаў спакон вякоў мне засталася спадчына…”, – гаворыцца ў знакамітым вершы вялікага беларускага класіка Янкі Купалы. І прытрымліваючыся яго запавету мы павінны шанаваць і берагчы свой родны і ўтульны край, дзе нарадзіліся і раслі, разам з яго гераічным мінулым і светлай будучыняй.
Менавіта таму ў межах праекта «Добраўпарадкуем сваю малую радзіму» валанцёры Круглянскага РК ГА «БРСМ» (першы сакратар Ільдар Сцяпанаў і педагогі абедзвюх гарадскіх школ) сумесна з раённай інспекцыяй прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя ў мінулы чацвер з асаблівым энтузіязмам узяліся за пасадку дрэў каля крыніцы па вул. Перамогі г. Круглае.
Запланаваныя работы па азеляненню горада нездарма было вырашана распачаць менавіта з гэтай вуліцы, дзе, дарэчы, высаджана 75 саджанцаў хвоі. Гэтая лічба, як і назва самой вуліцы, сімвалізуе надыходзячы 75-гадовы юбілей Вялікай Перамогі, якому і прысвячалася дадзеная акцыя. Што датычыцца саджанцаў, то іх для будучага хвойніку прадставіла валанцёрам Круглянскае лясніцтва.
Бачачы вынікі праведзенай работы, без ценю перабольшання можна падагульніць: каманда добраахвотнікаў папрацавала на славу, з добрым настроем і самымі светлымі памкненнямі, укладваючы часцінку душы ў кожнае дрэўца. Калі добрая справа была зроблена, падыходзіў да іх і адзін з мясцовых жыхароў, каб выказаць шчырыя словы: “Дзякуй вам, рабяты, за клопат аб родных мясцінах”.
Марына ПАДГАЕЦ.