Творца

Зямля круглянская… Наш прыгожы сваім прыродным хараством раён, край, дзе жывуць мужныя працавітыя людзі, адораныя Усявышнім такім унікальным дарам, як шчодрасць душы. Гэту адметнасць заўважылі многія, асабліва тыя, у каго была магчымасць папрацаваць у некалькіх рэгіёнах.

Кругляне – асаблівая “нацыя”. У гэтым яшчэ раз пераканаўся, калі некалькі дзён назад пазнаёміўся бліжэй з чалавекам, якога па праву можна назваць гонарам бацькоўскага края. Чаму “бліжэй”, бо, як аказалася, мы даўно хадзілі аднымі сцяжынкамі, у нас нямала агульных знаёмых і, спадзяюся, будзе ў далейшым нямала агульных інтарэсаў. Гэты чалавек – Аляксандр Сяргеевіч Андрабайла з вёскі Папоўка.

У пачатку 80-х у Горках, дзе я рабіў свае першыя крокі ў прафесію, Саша, будучы студэнтам мехфака БСГА, ярка заявіў аб сабе сваёй паэтычнай творчасцю. Цэнтрам прыцягнення для маладых таленавітых аўтараў з літаратурнага аб’яднання “Парнас” была тады акадэмічная газета “Савецкі студэнт”. Аляксандр Андрабайла быў не толькі актыўным членам творчай суполкі, ён быў там кіраўніком.

Калі-нікалі па ініцыятыве тагачаснага рэдактара “Савецкага студэнта” Раісы Бушынскай і старшыні раённага літаб’яднання, што існавала ўжо пры раённай газеце “Ленінскі шлях”, Міхася Ісаева спецыяльныя падборкі і тэматычныя старонкі друкаваліся і ў нас. Творчасцю пачынаючых паэтаў і празаікаў не раз цікавіўся адзін з класікаў зямлі магілёўскай Аляксей Пысін – на той момант ужо старшыня абласной арганізацыі Саюза пісьменнікаў БССР. Аляксандр Андрабайла і сёння да драбніц памятае тыя некалькі сустрэч з самабытным паэтам-франтавіком. Аляксей Васільевіч, які і сам быў не толькі таленавітым творцам, але і чалавекам таварыскім і адкрытым, зачапіў у многіх з іх самыя лепшыя струны душы.

Відаць, ёсць неабходнасць сказаць колькі слоў і пра незвычайную назву літаб’яднання – «Парнас». Было і, напэўна, ёсць меркаванне, што вядомы твор “Тарас на Парнасе” напісаў адзін са студэнтаў Горы-Горацкай акадэміі. Упершыню паэма была надрукавана ў 1889 годзе ў газеце “Минский листок”. У XIX стагоддзі твор карыстаўся шырокай вядомасцю. У тым ліку ён выклікаў цікавасць да становішча і быту менавіта беларускага народа. Таму гара Парнас у Горках – вобраз прызямлёны. Слова “Парнас” шырока ўжываецца там і ў быце. Самы вядомы ў горадзе студэнтаў рэстаран мянуецца менавіта так – “Парнас”.

Мала пра тое вядома, але першым, хто прапанаваў назваць новую кропку грамадскага харчавання менавіта так на адной са стрэч з прадстаўнікамі уладных органаў, быў наш Аляксандр Сяргеевіч. Стрэча не была афіцыйнай – проста на тым месцы, дзе планавалася пабудаваць самы вялікі рэстаран, знаходзіўся дом, у якім яго маладая сям’я здымала некалькі пакояў. Дом, вядома, знеслі. А назва так і прыжылася.

І тут, мабыць, ужо варта вярнуцца да круглянскіх каранёў. У 1986 годзе, калі па накіраванню тагачасных абласных кіруючых органаў я толькі прыехаў на працу ў Круглянскі раён, Аляксандр Сяргеевіч, які пэўны час адпрацаваў старшым інжынерам калгаса імя Калініна, разам з сям’ёй якраз пераязджаў па сямейных абставінах на малую радзіму жонкі – Піншчыну.

Працаваў ён там затым па спецыяльнасці ў розных арганізацыях, рос па службовай лесвіцы. Адначасова займаўся паэтычнай дзейнасцю, на добраахвотных пачатках быў адным з кіраўнікоў гісторыка-краязнаўчай грамадскай арганізацыі, дзе таксама дабіўся нямалых поспехаў і прызнання. Але, як кажуць, гэта ўжо некалькі іншая гісторыя. Магчыма, некалі Аляксандр Сяргеевіч зможа расказаць і пра гэта. Да краязнаўства прыахвоціў і сваіх членаў сям’і. А сямігадовы ўнук быў нават узнагароджаны за актыўную гісторыка-культурную дзейнасць памятным расійскім медалем.

А мы зноў вернемся на Кругляншчыну. Многія з людзей старэйшага пакалення ўжо здагадаліся, што Аляксандр Сяргеевіч – сын вядомага ў мінулым гаспадарніка, былога старшыні Комсеніцкага сельскага Савета Сяргея Міхайлавіча Андрабайлы.

Апошняга, на жаль, ужо няма сярод нас – памёр у красавіку 2011 года. У родную Папоўку Аляксандра, ужо самога ўбеленага сівізной, ветэрана-пенсіянера, прывялі менавіта сямейныя абставіны. Трэба дагледзець любімую матулю. 5 верасня Лідзіі Пракопаўне ўжо спаўняецца 89 гадоў.

Зразумела, Аляксандр Сяргеевіч, як чалавек актыўнай пазіцыі, не можа зацыклівацца на толькі дамашніх справах. Тым больш, што ёсць у доме і сацыяльны работнік, які добра выконвае свае абавязкі.

А. Андрабайла працягвае пісаць вершы, прычым, выключна на беларускай мове. І ён толькі здзіўляецца, калі ў яго пытаюцца: а чаму пішаце менавіта на беларускай мове?

Адказ заўсёды адназначны: “А як інакш? Гэта ж наша родная мова…”.

Сёння мы абавязкова прапануем сваім чытачам нізку вершаў добрага чалавека, таленавітага аўтара Аляксандра Андрабайлы. І, думаецца, наша супрацоўніцтва сапраўды прадоўжыцца і надалей.

А зараз хочацца расказаць пра тое, што стала першапрычынай нашага новага знаёмства. На сустрэчу мяне запрасіў старшыня раённага Савета дэпутатаў Сяргей Храмцоў. “Паглядзі, – сказаў ён, – які неардынарны чалавек і творца з’явіўся ў нас у раёне”.

Паехалі глядзець. Ужо на ўездзе ў Папоўку Сяргей Мікалаевіч спыніў легкавы аўтамабіль каля новага драўлянага крыжа.

Паказаў: «Вось яго першая работа».

Пазней Аляксандр Сяргеевіч, праўда, нас паправіць: «Работу па добраўпарадкаванню вёскі раблю разам з іншымі жыхарамі населенага пункта. Пра тое і напішыце».

Напісалі: дзякуй усім!

Ёсць, дарэчы, ужо і другі крыж, усталяваны з другога боку вёскі на скрыжаванні дарог.

Не адразу, але наш субяседнік раскрыў сакрэт яшчэ адной задумкі, якую ўжо пачаў увасабляць у рэальнасць. На драўлянай плашцы, якая засталася яшчэ ад бацькавых запасаў, Аляксандр з дапамогай звычайнай стамескі (іншых прылад пад рукой не аказалася – аўт.) выразаў кампазіцыйны эцюд з белымі бусламі, прысвечаны малой радзіме. Усталявана кампазіцыя, зноў жа, будзе на цэнтральным уездзе ў вёску каля новага крыжа, дарэчы, з густам аздобленага. Пра тое некалі абавязкова раскажам на старонках газеты. Папоўцы, як бачым, сваю вёску любяць.

Таленавіты чалавек – таленавіты ў многіх накірунках. Менавіта мастацкі густ не дазволіў Аляксандру Сяргеевічу гэтымі днямі прайсці міма двух звычайных каменьчыкаў, падабраных прама на вясковай дарозе, нядаўна падсыпанай гравіем.

На адным пільнае вока заўважыла (па яго сцвярджэнню) крапінкі золата. На другім знаходца… робіць ледзьве не гістарычнае адкрыццё. Некалькі правільных ліній на камяні напамінаюць трызубец і іншыя знакі. “Гэта, – на думку нашага цікавага субяседніка, – ёсць нішто іншае, як славянскія руны…”.

Магчыма, не кожнаму з чытачоў знаема гэтае слова. Таму зраблю такое тлумачэнне.

Руны – старажытныя пісьмёны, якімі карысталіся пераважна скандынавы і якія захаваліся ў надпісах на камянях ды некаторых іншых прадметах. Найбольш ранні руніч-ны алфавіт складаўся з 24 графічных знакаў. Кожны знак абазначаў асобны гук. Гэтае пісьмо не мела асаблівага пашырэння.

Прыняўшы хрысціянства, скандынаўскія народы перайшлі на лацінскі алфавіт.

Гэта самыя распаўсюджаныя звесткі ад розных даведнікаў. Аднак многія археалагічныя даныя ўказваюць на існаванне рунічнага пісьма і ў славян.

Знаходак не так і многа. І яны, на жаль, недэшыфраваны.

Відаць, сам Аляксандр Сяргеевіч, як чалавек больш зацікаўлены данай тэматыкай, зможа з цягам часу паведаць і іншыя звесткі.

Я ж свой сённяшні расказ пра цікавага чалавека хачу завяршыць яшчэ адным яго поспехам. Як аказалася, Аляксандр Сяргеевіч з’яўляецца яшчэ і заўзятым аматарам ціхага палявання. І ў тыя дні, калі мы мелі магчымасць сустракацца і размаўляць, ён за адзін раз прынес з лесу… 137 баравікоў.

Аляксандр ПАЎЛАЎ.

Фота аўтара.