“Дажынкі” у дзіцячым садку
Святкаванне завяршэння жніва мае глыбокія векавыя карані і ўслаўляе дзве вялікія каштоўнасці: чалавека-працаўніка і нацыянальную культуру. Каб дзеці маглі з ранняга дзяцінства ведаць аб сваёй краіне, аб яе працавітым народзе, умелі шанаваць беларускія народныя традыцыі, ў ДУА «Яслі-сад №2 г. Круглае» правялі фальклорную музычную забаву «Дажынкі». Гэта было сапраўднае вяселле, якое суправаджалася танцамі, песнямі, карагодамі, цікавымі беларускімі гульнямі.
Галоўны атрыбут «Дажынак» — сноп. Выхаванцам было цікава даведацца аб тым, што ў апошніх каласах хаваецца дух поля. Каб ён і на наступны год захоўваў, прымнажаў ураджай, яму прысвячалі апошні сноп.
Гасцямі свята сталі Гаспадыня, працавітая дзяўчынка Янінка і яе братка-лайдак Цімошык, а таксама Каза-дзераза, якія разам з дзецьмі гулялі ў гульні і спаборнічалі ў эстафетах: «Каравай», «Прэла-гарэла», «Дружнае збожжа», «Хто хутчэй збярэ каласы?», «Хто хутчэй адвязе збожжа на элеватар?» і інш. У гульнявой дзейнасці дзеці вучыліся беражліва адносіцца да хлеба і паважаць працу хлебароба.
Вось такім чынам у нашай дашкольнай установе прывіваюцца маленькім выхаванцам лепшыя духоўныя традыцыі, любоў да роднага краю, роднай зямлі.
Галіна АТРАШКЕВІЧ, намеснік загадчыка па асноўнай дзейнасці ДУА “Яслі-сад №2 г. Круглае”.