Сёстры Хатыні

Попел, шызы попел
Да болю жаласны звон
Мяне ў тыя гады не было,
Але я чую Хатыні стогн…
Вайна… А што вы чуеце ў гэтым слове? Я чую ў ім гукі самалётаў, вогненных стрэлаў, гук страшнага бою. Яшчэ я чую зласлівыя галасы ворагаў, дзіцячы плач і слёзы маці, дзяўчат, жанчын, якія страцілі сваіх сыноў ці каханых.
Вайна… А што бачыце вы? Я бачу людзей, якія паміралі ад голаду і жаху. Я бачу салдат, якія ахвяравалі сабой дзеля нашай шчаслівай будучыні. Я бачу пот, кроў і слёзы.
Памяць аб загінуўшых, аб страшных падзеях мінулага жыве дагэтуль. У кожнага народа ёсць такія мясціны, якія з’яўляюцца нацыянальным сімвалам, месцам пакланення, глыбокай пашаны і памяццю аб Вялікай Айчынай вайне. У беларусаў – гэта Хатынь. Назва беларускай вёскі стала знакам трагедыі беларускага народа ў XX стагоддзі. 22 сакавіка 1943 года атрад гітлераўскіх карнікаў спаліў вёску Хатынь разам з яе жыхарамі.
Што такое Хатынь? Часам кажуць, што гэта звычайны помнік, але гэта не так. Хатынь – гэта наша нацыянальная святыня, гэта храм пад голым небам. I ісці сюды трэба як у храм: моўчкі, ускласці кветкі ці паставіць свечку і ўспомніць усіх тых, хто перажыў гады жахаў на той крывавай вайне.
Дзынь. Гэты гук чутны яшчэ з аўтамабільнай паркоўкі. Ты ідзеш па доўгай алеі, спачатку не разумееш, што гэта так ціха і тужліва звініць кожныя трыццаць секунд. Потым бачыш высокія бетонныя слупы са званамі зверху, яны вельмі падобныя на печкавыя трубы. I іх усяго дваццаць шэсць, роўна столькі, колькі было хат у невялікай беларускай вёсачцы пад назвай Хатынь. Проста зараз, дзесьці ў Беларусі, раз у трыццаць секунд адначасна гучаць усе дваццаць шэсць званоў на месцы спаленай вёскі Хатынь. Круглы год. Кожны дзень. Проста зараз. Вось у гэта самае імгненне…У другой палове 60-х гадоў на месцы знішчанай вёскі быў створаны мемарыял, але гэта быў не чарговы помнік. Паўстаў мемарыял, які ўшаноўвае памяць не толькі спаленых жыхароў вёскі, але і ўсіх вёсак, што падзялілі лёс Хатыні.
Сваёй малай радзімай я лічу невялічкі горад Круглае. Тут я нарадзілася, сказала першае слова і зрабіла свае першыя крокі. Тут я першы раз завяла сяброў і пайшла ў школу. Тут мяне навучылі любіць і паважаць усё, што знаходзіцца вакол мяне.
На жаль, Кругляншчына таксама пацярпела пад час Вялікай Айчыннай вайны. Вось ужо звыш 75 гадоў дзве зусім бесклапотныя маленькія круглянскія вёсачкі Гоенка і Бярозка захоўваюць цяжкі боль. Жылі тут мірныя людзі, аралі зямлю, касілі траву, вырошчвалі духмяны хлеб і марылі пра будучыню. Гэта адбылося ў снежні 1942 года: азвярэлыя фашысты ўварваліся ў вёску Гоенка і спалілі яе. А пазней у ліпені 1943 года трагедыя прыйшла ў вёску Бярозка. Усё насельніцтва Гоенкі і Бярозкі, ад малога да вялікага, старых, жанчын, дзяцей выганялі з дамоў. Прыкладамі аўтаматаў падымалі з пасцелі хворых старых, не шкадавалі жанчын з маленькімі і груднымі дзецьмі. У дыме задыхаліся і плакалі дзеці. У падпаленай вопратцы, ахопленыя жахам, людзі спрабавалі бегчы, але тых, хто вырываўся з полымя, фашысты стрымана расстрэльвалі з аўтаматаў і кулямётаў. У агні жыўцом згарэлі 68 жыхароў вескі Гоенка і 47 жыхароў вёскі Бярозка. Дзве вёскі былі спалены да тла. Да гэтага часу засталіся месцы, пашкоджаныя вайной, месцы, дзе прырода не паспела зацягнуць свае раны.
Гады Вялікай Айчыннай вайны – гэта самае суровае выпрабаванне, якое выпала на долю нашай краіны, гэта боль, страта, якую ніколі не вылечыць час, гэта вечная памяць пра тых, хто цаной свайго жыцця даў жыццё наступным пакаленням. Памяць аб Вялікай Айчыннай вайне захавалася ўсюды: у мемарыялах, помніках, кнігах, фільмах, а самае галоўнае – у нашых сэрцах. Аб вайне, яе выніках і ўроках трэба ведаць. Памятаючы пра яе ахвяры і велізарным уроні, распавядаючы сваім нашчадкам, мы зможам зберагчы нашу Зямлю ад бессэнсоўнага і страшнага паўтарэння вайны.
Вікторыя Бобырава, выпускніца сярэдняй школы №2 г. Круглае.