Наш школьны гонар
Пры падрыхтоўцы да новага навучальнага года ў нашай установе адукацыі быў створаны фальклорна-этнаграфічны пакой “Беларуская хатка”. Экспанаты, якія там прадстаўлены, збіраліся настаўнікамі і вучнямі не адзін год. Хочацца адзначыць, што адметнай асаблівасцю рэчаў у нашым этнаграфічным пакоі з’яўляецца тое, што ўсе яны выраблены ўручную і выпраменьваюць энергетыку таго часу.
На базе хаткі праводзяцца азнаямленне з духоўнай спадчынай роднай зямлі, вывучэнне абрадаў і свят беларусаў, пашыраюцца веды па беларускай этнаграфіі. Вучні знаёмяцца са звычаямі продкаў, з дэкаратыўным аздабленнем беларускай хаты, традыцыйным яе інтэр’ерам. Адначасова на ўроках беларускай мовы і літаратуры вучні вывучаюць экспанаты сялянскай хаты, адшукваюць інфармацыю пра іх. Мы, настаўнікі беларускай мовы і літаратуры, перакананы, што задача ўстановы адукацыі – выхаванне шчырых патрыётаў сваёй Радзімы, якія будуць любіць свой народ і сваю культуру, а значыць, краіну і дзяржаву. Вось дзеля гэтага і задумана наша сялянская хатка. Таксама ў хатку прыводзяць на ўрокі сваіх вучняў і настаўнікі пачатковых класаў, дзе школьнікі даведваюцца пра жыццё і быт сваіх продкаў. Вельмі цікава праходзяць класныя і школьныя мерапрыемствы. Наша сялянская хатка – не проста скарбонка, дзе захоўваецца тое, што не было запатрабавана раней, але і цэнтр дзейнасці вучнёўскага і настаўніцкага калектыву па адраджэнні ўсяго, што ледзьве не страцілі. Экспанаты музея набылі сваё другое жыццё: як у якасці наглядных дапаможнікаў на занятках, так і ў якасці ілюстраванага матэрыялу ў пазакласнай рабоце. А якія вялікія адукацыйныя і выхаваўчыя магчымасці яны у сабе тояць!
Адраджэнне нацыянальных традыцый, народнай спадчыны становіцца прадметам пільнай увагі ў сістэме нашай школы. Бясспрэчна, народная культура – найважнейшая частка гістарычнай спадчыны, якая спрыяе фарміраванню свядомасці будучых пакаленняў.
Святлана Макарава, настаўнік беларускай мовы і літаратуры
Цяцерынскага НПК.