З калыскі зямлі Комсеніцкай

З калыскі зямлі Комсеніцкай

Супрацоўнікі цэнтральнай бібліятэкі арганізавалі для сяброў клуба “Сустрэчы” выязную экскурсію ў аграгарадок Комсенічы.
Мерапрыемства, прысвечанае яго 15-годдзю, прайшло пад мілагучнай назвай “Мой край – мая гісторыя жывая”.

Здаецца, яшчэ зусім нядаўна ўваходзілі ў жыццё вяскоўцаў такія паняцці, як аграгарадок, а ўжо пятнаццаць гадоў мінула. І за гэты час дасягнута і зроблена нямала. Сяло пачало жыць і працаваць па-новаму.
А гісторыя сваімі каранямі ахоплівае шмат большы адрэзак часу, усё тое, што звязана з вёскай Комсенічы і Комсеніцкім сельскім Саветам на працягу многіх гадоў.
Гасцей тут чакалі. У фае мясцовага СДК іх сустракалі з караваем і песнямі бібліятэкар Наталля Пановіч і вакальны ансамбль “Калинушка”.
Потым “дэлегацыю” запрасілі ў бібліятэку, дзе Наталля Мікалаеўна пазнаёміла з дзеючымі выставамі, расказала пра гісторыю населенага пункта Комсенічы. А гісторыю ён мае багатую і людзьмі сваімі працавітымі славіцца.
Экскурсанты даведаліся пра знакамітых людзей, якіх узрасціла комсенічская зямля, якія вучыліся ў Комсеніцкай школе.
У 1949 годзе скончыў сямігодку ў Комсенічах Анатоль Бужынскі. Затым вучыўся на хлебапякарным аддзяленні Мінскай школы ФЗВ харчавікоў. У 1950 годзе, атрымаўшы кваліфікацыю цестамеса, быў накіраваны на Мінскі хлебазавод № 2. Анатоль Ануфрыевіч завочна скончыў Маладзечанскі палітэхнікум. У 1960 годзе ён стаў пекарам-майстрам. Брыгада Бужынскага адной з першых на прадпрыемстве асвоіла праектныя магутнасці канвеерных печаў безупыннага дзеяння, наладзіла выпуск шаснаццаці новых сартоў хлебабулачных вырабаў. У 1974 годзе А. Бужынскаму за выкананне планавых заданняў і абавязацельстваў, вялікі ўклад у павышэнне вытворчасці харчовых тавараў прысвоена званне Героя Сацыялістычнай працы. Яго прозвішча было занесена ў кнігу працоўнай славы Мінхарчпрама СССР і ЦК прафсаюза ведамаснай галіны. Узнагароджаны А.Бужынскі таксама ордэнамі Леніна і Працоўнага Чырвонага Сцяга, медалём “За доблесную працу”.
Успомніла Наталля Мікалаеўна і пра дынастыю Шафранскіх, пра якіх грымела слава не толькі ў нашым раёне яшчэ ў 80-гады. У 1973 годзе Вячаслаў Шафранскі узначаліў калгас “Шлях Леніна” і росквіт гэтай гаспадаркі цалкам звязаны з яго імем. Адстаючы калгас ён вывеў у перадавыя, ператварыў у сельгаспрадпрыемства з вялікай культурай земляробства, добрай вытворчай базай і заасфальтаванымі дарогамі. Пры праўленні В.Шафранскага калгас 9 разоў выходзіў у пераможцы Усясаюзнага сацыялістычнага спаборніцтва. А сам кіраўнік быў узнагаро-джаны ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга, адзначаны граматамі Вярхоўнага Савета БССР. Сёння Вячаслаў Канстанцінавіч – заслужаны ветэран працы, адзін з самых паважаных людзей у аграгарадку Комсенічы і ў раёне.
У вёсцы Кляпінічы Комсенічскага сельскага Савета жыве заслужаны работнік сель-скай гаспадаркі Марыя Арыстава, таксама вельмі паважаны чалавек у вёсцы і ў акрузе. Марыя Трафімаўна шмат гадоў запар была ў ліку лепшых даярак раёна. Двойчы ўдзельнічала ва Ўсесаюзнай выставе дасягненняў народнай гаспадаркі ў Маскве. У 1971 годзе яна атрымала ордэн Працоўнага Чырвонага Сцяга, а ў 1975-м удастоена самай высокай урадавай узнагароды – ордэна Леніна. Працавала Марыя Трафімаўна на ферме ў той час, калі калгас узначальваў Вячаслаў Шафранскі. Простая вясковая жанчына ўдзельнічала як дэлегат у рабоце саюзнага партыйнага з’езда.
Пабывалі госці з Круглага і ў філіяле Дома рамёстваў, дзе пазнаёміліся з творчымі работнікамі, у амбулаторыі, Свята-Андрэеўскай праваслаўнай царкве, Комсеніцкім НПК. І ўсюды іх гасцінна сустракалі. Навучэнцы школы пранікнёна чыталі вершы свайго знакамітага земляка Віктара Лужкоўскага. Паэт – таксама выхадзец з Комсеніч. Нарадзіўся ён у гэтай вёсцы ў 1942 годзе, у самы цяжкі ваенны час. Скончыў Комсеніцкую школу, потым будаўніча-тэхналагічны факультэт Беларускага палітэхнічнага інстытута. Працаваў на будоўлях Мінска, быў вядучым інжынерам сталічнага мотавелазавода. І пісаў вершы. Шчырыя, ад душы, многія з якіх прысвяціў сваім землякам.
Дзякуючы свайму таленту вясковы хлопец пакарыў творчы алімп – стаў членам Саюза пісьменнікаў Беларусі. Адзін час працаваў нават дырэктарам Дома літаратара.
Землякі любяць і цэняць творчасць паэта.
Цікавай і насычанай аказалася паездка ў аграгарадок Комсенічы для сяброў клуба “Сустрэчы”, ветэранаў працы з г. Круглае. Яны шчыра дзякавалі арганізатарам паездкі, бібліятэкарам аддзела абслугоўвання і інфармацыі цэнтральнай раённай бібліятэкі Галіне Гарцуевай, Наталлі Салтанавай, бібліятэкару Комсеніцкай сельскай бібліятэкі Наталлі Пановіч, дырэктару Комсеніцкага НПК Ліліі Учаевай, спецыялісту па сацыяльнай рабоце сацыяльнага пункта аграгарадка Комсенічы Таццяне Сенакосавай, а таксама удзельнікам вакальнага ансамбля “Калинушка”, якія падрыхтавалі міні-канцэрт.
Наперадзе яшчэ шмат важных дат, паездак і сустрэч. У добры шлях!
Святлана Варапаева.

Последние новости

Актуально

На Круглянщине проходит республиканский субботник

18 апреля 2026
Читать новость
Актуально

Зонты не прячем. Что готовит погода для белорусов 17 апреля

17 апреля 2026
Читать новость
Официально

Сегодня на заседании райисполкома в центре внимания рассматривались вопросы продовольственной безопасности и готовности наших хозяйств к активному сезону

17 апреля 2026
Читать новость
Актуально

Личный кодекс трудолюбия

17 апреля 2026
Читать новость
В мире

Около 100 мертвых тюленей обнаружили на побережье Каспийского моря в Казахстане

17 апреля 2026
Читать новость
Общество

Регистрация паспорта готовности к работе в осенне-зимний период в электронной форме

17 апреля 2026
Читать новость

Рекомендуем