Вырасціла пяць дзяцей

Вырасціла пяць дзяцей

Цяпер тыя актыўна ўзяліся за рамонт сельскага дома матулі.

Населены пункт Карма, што ў Цяцерынскім сельскім Савеце, вышэй статуса пасёлка так і не ўздымаўся. У самыя лепшыя свае часы тут знаходзілася толькі 17 жылых двароў. Ніколі не было ў маленькай вёсачцы і нейкіх сацыяльных аб’ектаў. З гаспадарчых памяшканняў існавала толькі драўляная ёўня, якую звычайна і выкарыстоўвалі па яе прамому прызначэнню – сушылі жытнёвыя снапы. Цэнтрам больш цывілізаванага прыцягнення для тутэйшых людзей заўсёды былі бліжэйшыя вёскі Храпы і Цяцерына.

Аб усім гэтым паведала ў час нядаўняй сустрэчы 82-гадовая Ніна Анадзенка – карэнная жыхарка данага населенага пункта. Усяго ж у Карме толькі два жылыя дамы. Але для некага, тым не менш, гэты пасёлак — прывабны куток малой радзімы.

Аб былым прыродным яго харастве напамінаюць яшчэ старыя яблыневыя сады колішніх сядзіб уздоўж цудам устаяўшай пад часам асфальтаванай нешырокай дарожкі, ды прыцягальны для шматлікіх грыбнікоў гусцісты лясок, што прытуліўся амаль ля самай вёскі.

Далёка ад дому Ніна Якаўлеўна ўжо не вялікі хадок. Ды і ў тым няма асаблівай патрэбы. Аўталаўкі, прычым ад розных гандлёвых прадпрыемстваў, прыязджаюць непасрэдна пад яе пяці- сценку з зайздросным пастаянствам. Жыўнасць на дамашнім падворку звышасаблівых клопатаў гаспадыні ўжо таксама не дастаўляе. Ёсць толькі сабака, які гучным брэхам даказвае раз-пораз сваю тут патрэбу, певень-прыгажун, што празмерным дзяўбаннем чалавечых ног дапамагае Чарнышу адганяць ад дому няпрошаных гасцей, ды яшчэ некалькі мірных курэй. Дзве індакачкі раней зляцелі з падворка ў невядомым кірунку. Асаблівы гонар бабулі – качар (селезень – рус.), якому ад роду ўжо звыш двух дзясяткаў гадоў (!). Ва ўсялякім выпадку, такое сцвярджэнне мы пачулі ад гасціўшага ў доме сына гаспадыні – Васіля. Навука таксама такія факты дапускае. Тут, праўда, цяжка было ўспомніць, па якой прычыне дамашняй птушцы падарылі такое доўгае жыццё. Але з размовы стала зразумела адно: для запраўкі ў суп старога качара ніхто ўжо спатрэбіць нават і не збіраецца. Маўляў, жыві, дружа, колькі здолееш.

Аб сабе, сваёй вялікай сям’і Ніна Якаўлеўна расказвае вельмі сціпла. У тым ліку і аб вайне, што была ў іх лёсе. Ды і як інакш. Дзіця, народжанае за тры гады да Вялікай Айчыннай, асаблівымі ўспамінамі аб той грознай навале проста не магла падзяліцца ў сілу тагачаснага малалетства. Бацька, Якаў Саплюкоў, пайшоў бараніць радзіму ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў ды так дзесьці і згінуў ужо ў самыя першыя месяцы свайго франтавога жыцця. На вайне ў салдата выбар невялікі: можна загінуць і ў першым баі.

А прадгісторыя іх сям’і такая. У невялічкую Карму Якаў Дарафеевіч прывёз некалі маладую жонку з вёскі Сіманавічы. Звалі яе Лідзія Савельеўна. Уздымаць на ногі, пасля таго як згінуў муж, малалетак Ніну і Зіну дапамагалі блізкія і родныя. Асаблівага дастатку тым не менш у сям’і не было. Таму сёстры рана прызвычаіліся да цяжкай сялянскай працы. Дапамагалі маці, чым маглі, і дома, і ў калгасных справах.

У школу даводзілася хадзіць у вёску Цяцерына, што ў некалькіх кіламетрах ад іх пасёлка. Вельмі цяжка было пераадольваць гэты шлях зімой ды ў вясенне-асеннюю распуціцу, бо дарогі прабіваліся тады толькі палявыя.

Ніне, тым не менш, удалося скончыць 7 класаў, што па тым часе лічылася на сяле нядрэннай адукацыяй. На працу ўладкавалася ў мясцовы калгас. А хутка і замуж выйшла за аднавяскоўца Івана Анадзенку, што жыў усяго цераз два двары.

У калгасе рабіла напачатку ў паляводстве, а затым знайшла сабе занятак на малочна-таварнай ферме ў Храпах. Праца тая была вельмі цяжкая. Даіць групу кароў з 25 галоў даводзілася ўручную. Першая дойка пачыналася ў 5 гадзін раніцы, другая – вечарам у 18.00. Сянаж, сілас, буракі, муку – усе кармы праходзілі праз вечна натруджаныя рукі. Перад сабой, звычайна, жанчыны вымушаны былі цягаць на вагу трохвядзёрную выварку, у коптар запоўненую. А яшчэ трэба было знайсці час і сілы, каб напаіць малаком маленькіх цялятак.

Сама тэрыторыя фермы, да слова сказаць, нярэдка патанала ў брудзе. Добрых пад’ездаў да яе не было. Таму бітоны з толькі што надоеным малаком, звычайна, ставіліся на калёсы, а затым на кані вывозіліся да вялікай шашы. Зноў жа, грузчыкаў для гэтага не прызначалі.

Сённяшняя моладзь, відаць, ад такіх умоў працы збегла б ужо цераз два дні.

А Ніна Якаўлеўна і яе сяброўкі па працы вытрымалі далека не па аднаму году. А яшчэ пры гэтым трэба было раджаць і расціць дзяцей.

Дзяцей тых, як успамінае расказчыца, толькі ў адной Карме ў канцы шасцідзясятых – пачатку сямідзясятых гадоў налічвалася аж 70 чалавек.

У сям’і Анадзенкаў іх было пяцёра. Тры дачкі, Марыя, Люба, Лена, і два сыны – Васіль і Міхаіл. Усе яны атрымалі належную адукацыю. Дзяўчаты з дапамогай роднага дзядзькі па лініі бацькі выбралі сабе для пастаяннага месца жыхарства легендарны горад Ленінград. Марыя і Люба па прафесіі кветкаводы, Алена – повар. А вось Васіль і Міхаіл сталі афіцэрамі праваахоўных органаў. Даслужыліся адпаведна да маёра і падпалкоўніка ўнутранай службы. І калі Васіль Іванавіч ужо выйшаў у адстаўку, то Міхаіл Іванавіч яшчэ працуе ў горадзе Барнавул. Абодва скончылі ў свой час Акадэмію МУС.

Паўторнае знаёмства з Васілём Іванавічам адбылося некалькі дзён назад. Дзесьці ў сярэдзіне 90-х ён, як памятаецца, рабіў намеснікам начальніка спецкамендатуры ў Круглым.

На гэты раз прыехаў да любімай матулі, каб падрамантаваць дом, абуладкаваць новую лазню (яе прывезлі ў гатовым выглядзе і згрузілі на дворышчы з дапамогай спецыяльнага абсталявання рабочыя фірмы-вытворцы).

У наступным годзе за справу ў бацькоўскім доме возьмецца ўжо Міхаіл. Хаця і зараз старую пяцісценку ўжо не пазнаць. Асаб-ліва, што тычыцца яе вонкавага выгляду. Прывабнасць дому надаюць не толькі прыгожая пафарбаванасць ужо існаваўшых шалёвак, але і прымененыя сучасныя будматэрыялы, пачынаючы з даху, вокнаў і г.д. З’явілася ў самім доме і новая печка-грубка.

Большасць работ Васіль Іванавіч выканаў самастойна за той летні час, што гасцяваў у матулі. Бацькі і гаспадара дома ўжо некалькі гадоў як няма ў жывых.

Гонар Ніны Якаўлеўны — не толькі дзеці, але і 10 ўнукаў і 10 праўнукаў.

Дзеці ўжо даўно прыжыліся на прасторах колішняга Савецкага Саюза. Асобныя ўнукі і праўнукі і навогул падчас выбіраюць для жыхарства далёкае замежжа (Францыя, Нідэрланды). Такі час. Бліжэй за ўсіх, у Мінску, жыве сын Васіль. Ён і часцей наведваецца. У іншых такіх магчымасцей бывае меней. Але яны стараюцца матулю і бабулю ўсё ж не забываць.

Сама Ніна Якаўлеўна ў тым жа Ленінградзе (цяпер Санкт-Пецярбургу), дзе жывуць дочкі, была толькі тройчы, калі тыя выходзілі там замуж. Завуць, вядома, да сябе, але пакуль не згаджаецца: “Што мне рабіць там на 10-13 паверхах? Тут, у роднай вёсачцы, мне і жывецца лепш за ўсё”.

Тут жыве і памяццю пра мужа. Іван Анадзенка доўгі час працаваў у мясцовай будаўнічай брыгадзе. Ёсць нямала аб’ектаў, якія ён узводзіў. Сярод самых знакавых – гандлёвы цэнтр у вёсцы Цяцерына.

Вырасціць пяцёра дзяцей, нават цяпер, калі ёсць для шматдзетных сем’яў значная матэрыяльная і сацыяльная падтрымка з боку дзяржавы, вельмі няпроста. Тады ж гэта зрабіць было яшчэ цяжэй. Бо нават той жа дэкрэтны водпуск прадстаўляўся мінімальны.

Ад імя яе дзяцей выказваем Ніне Якаўлеўне вялікі дзякуй за мацярынскі подзвіг. Мір Вашаму дому!

Аляксандр ПАЎЛАЎ.

Последние новости

В мире

В Испании преступная группировка во главе с украинцем грабила элитные дома

2 мая 2024
Спорт

Соболенко вышла в полуфинал турнира WTA-1000 в Мадриде

2 мая 2024
Качество. Экономика. Эффективность

Рекорды бурения обновили белорусские нефтяники к Первомаю

2 мая 2024
Качество. Экономика. Эффективность

Яровые культуры в Беларуси посеяны на более чем половине площадей

2 мая 2024
Спорт

Международный турнир по хоккею с участием сборной Беларуси стартует в Астане

2 мая 2024
Жизнь и безопасность

ГАИ проводит республиканскую профилактическую акцию “Мотоциклист”

2 мая 2024
Жизнь и безопасность

В Беларуси за сутки ликвидирован один лесной пожар и 24 пожара травы и кустарников

2 мая 2024
Общество

Выездной прием граждан

2 мая 2024
В мире

Над пятью регионами России за ночь сбили 12 украинских БПЛА

2 мая 2024
Культура

Приметы и поверья на 2 мая, что нельзя делать в день Иоанна Ветхопещерника

2 мая 2024

Рекомендуем

Актуально

Книга «Гонар і слава зямлі Круглянскай» передана в районный историко-краеведческий музей

24 апреля 2024
Актуально

На Круглянщине прошел республиканский субботник

22 апреля 2024
Актуально

Представители Круглянского района сегодня отправились на Всебелорусское народное собрание

24 апреля 2024
Культура

В Круглом состоялся отчетный концерт детской школы искусств

24 апреля 2024
Актуально

Первомай вновь радует сердца: праздничное шествие состоялось на Круглянщине

1 мая 2024
80 лет освобождения Беларуси от немецко-фашистских захватчиков

Единовременную материальную помощь ко Дню Победы выплачивали сегодня на Круглянщине

25 апреля 2024
Актуально

Программа мероприятий, посвященных празднованию 1 Мая

30 апреля 2024
Актуально

Вперед – к победе! В Круглом прошел районный спортивный праздник «Круглянская весна-2024»

1 мая 2024