Познаем Беларусь: старинные свадебные обряды и поверья белорусов

На першы погляд можа паказацца, што беларускае вяселле — гэта толькі гулянка, багатае застолле, уручэнне падарункаў. На самай справе вясельны абрад уяўляў сабой прадуманую сістэму дзеянняў, заснаваных на вопыце продкаў. Пра гэта сведчаць і гістарычныя матэрыялы, даследаванні археолагаў, успаміны старажылаў.
У адным з сівых міфаў распавядаецца, што вясельная ўрачыстасць сімвалізавала нябесны шлюб паміж Месяцам, у ролі якога выступаў жаніх, і Сонцам — нявестай. Такім чынам, у вясельных абрадах адлюстроўвалася ідэя плоднасці прыроды і працягу роду.
У старажытныя часы хлопцы проста выкрадалі дзяўчын, якія ім спадабаліся. Беларускі археолаг і гісторык Людміла Дучыц адзначае, што пра гэта згадваецца і ў «Аповесці мінулых гадоў» (XII ст.): «умыківаху у воды девіца», «умаківаху жёны собе». Аднак такія паводзіны не расцэньваліся як злачынства, а наадварот, падкрэслівалі Боскія дзеянні, што здзяйсняліся на нябёсах.
Нявесту маглі не толькі ўкрасці (умыкнуць), але і купіць. Даўні звычай часткова перайшоў і ў сучасны абрад выкупу нявесты. Адсюль і прамова свата: «У вас тавар — у нас купец».
Спачатку нявеста перад вяселлем адразала свае валасы, заплеценыя ў касу. Яе маглі прадаць жаніху. З цягам часу касу ўжо не адразалі, а запляталі ў дзве і ўкладвалі на галаве гняздом. Мяняўся і галаўны ўбор будучай жонкі. Пасля шлюбу ўжо жаноцкія ўборы — павойнік, намітка або чапец — павінны былі цалкам закрываць яе валасы. Гэтым дзеяннем сімвалічна перакрывалі сувязь з яе продкамі, яе родам. Цікавая дэталь: на Магілёўшчыне падчас расплятання касы, каб засцерагчы яе ад нядобрага вока, пакрывалі таксама і твар маладой. Адсюль і пайшоў сучасны вэлюм. Пасля вянчання і змены прычоскі нявесту пачыналі зваць маладзіцай.
Калі нявестай была дзяўчына, якая доўга не выходзіла замуж або нараджала дзяцей па-за шлюбам, насіць вэлюм і хустку ёй не дазвалялася. Яе галаўны ўбор называўся «пакрытка».
Вельмі благім знакам лічылася сустрэча дзвюх нявест на шляху да храма або калі маладыя вярталіся дадому пасля вянчання. Па павер’ях, адна з нявест абавязкова забярэ ў другой шчасце i ўдачу або зробіць яе бяздзетнай. Таму каб нявесты не пабачылі адна другую пры сустрэчы, іх замотвалі хусткамі ці пакрывалі чым-небудзь чырвоным або прымушалі іх абменьвацца пярсцёнкамі, шпількамі, заколкамі і іншымі металічнымі рэчамі.
Нашы продкі прыпісвалі нявесце нават дэманічныя якасці, бачылі ў ёй сувязь з іншым светам. Напрыклад, пры пераездзе маладой да жаніха дзяўчына ўспрымалася бацькамі будучага мужа як чужынец. Таму каб не нашкодзіць родным, жаніх пераносіў выбранніцу праз парог хаты на руках. Адносіны свекрыві да нявесткі ў старадаўніх вясельных песнях перадаюццца так: «ваўчыца з цёмнага лесу», «на народ як глянець, дык народ аж вянець». Аднак у кульмінацыйны момант «пераходнага абраду» родныя жаніха надзялялі нявесту сакральнымі, нават звышнатуральнымі рысамі. Верылі, што яна можа змяняць надвор’е, уплываць на лёс людзей, прадбачыць будучыню.

