Нязломленая Кругляншчына

Нязломленая Кругляншчына

Амаль 80 год прайшло пасля заканчэння самай жорсткай у свеце вайны. Але нават і праз такі працяглы час гучаць у сэрцах людзей яе адбіткі.

22 чэрвеня 1941 года мірная праца нашага народа была перапынена вераломным нападам фашысцкай Германіі. Гітлераўцы, якія мелі ў пачатку вайны перавагу ў жывой сіле і тэхніцы, нягледзячы на стойкасць і ўпартасць воінаў Чырвонай Арміі, прасоўваліся наперад. У кравапралітных баях Чырвоная Армія наносіла ўдары па ворагу, але пад напорам намнога большых сіл нашы абаронцы вымушаны былі адступаць. Баявыя дзеянні непасрэдна на тэрыторыі Круглянскага раёна разгарнуліся 6-8 ліпеня. Тады ж гітлераўцы занялі мястэчка Круглае. Пачаўся трохгадовы перыяд акупацыі раёна. Як і па ўсёй тэрыторыі Беларусі, тут быў устаноўлены жорсткі рэжым беззаконня, рабаўніцтва, гвалту і крывавага тэрору. З першых дзён акупацыі ў насельніцтва сілай забіралі жывёлу, прадукты харчавання, фураж. Гітлераўцы і іх прыслужнікі сяліліся ў добрыя дамы, з якіх выганялі гаспадароў. Пачалося планамернае знішчэнне мясцовага насельніцтва. Людзей яўрэйскай нацыянальнасці вывозілі ў лес за Востраў, дзе і знішчалі. Збіралі яўрэеў таксама ў доме № 26 па вул. Мопраўскай і каля ракі іх расстрэльвалі. Усяго ў м. Круглае за гады вайны фашысты знішчылі 515 грамадзян яўрэйскай нацыянальнасці. Расстрэльвалі не толькі яўрэяў, а таксама і беларусаў з ліку савецкіх і партыйных актывістаў, тых, каго затрымлівалі без дакументаў.

Пачынаючы з 1942 года масавы характар набыў прымусовы вываз моладзі на катаржныя работы ў Германію. Забіралі пераважна 18-19-гадовых юнакоў і дзяўчат. Усяго за гады акупацыі ў Германію было вывезена больш за 1500 жыхароў раёна. Палітыка генацыду асабліва ярка выяўлялася ў час карных аперацый гітлераўцаў. Пад выглядам барацьбы з партызанамі знішчалася мірнае насельніцтва. У выніку акцый былі спалены вёскі Гоенка і Паляжаеўка, 67 жыхароў в. Гоенка былі расстраляны. Яшчэ раней у чэрвені 1942 года фашысты знішчылі разам з жыхарамі в. Бярозка. Населеныя пункты Баравуха і Зялёная Рошча, спаленыя гітлераўцамі ў 1943 г., так і не адрадзіліся пасля вайны.

Неўвядальную славу пакінулі пасля сябе героі патрыятычнай падпольнай арганізацыі АБЗОР. Спачатку групы дзейнічалі паасобку. Але з устанаўленнем і развіццём кантактаў паміж імі паўстала пытанне аб стварэнні адзінай падпольнай арганізацыі з агульным кіруючым цэнтрам. 25 кастрычніка 1941 года на канспіратыўнай кватэры ў мястэчку Круглае адбылася нарада прадстаўнікоў падпольных груп. Некалькі пазней быў выбраны штаб арганізацыі. Кіраўнік Л.Н. Ракушаў (псеўданім Гучкоў), начальнік штаба – Н.М. Ракушаў (псеўданім Сакалоў), сакратар штаба К.І. Цітова (псеўданім Валянціна Сакалова). Быў распрацаваны план дзеянняў, які ўключаў агітацыйна-палітычную працу сярод насельніцтва і дыверсійную дзейнасць. “Невядомыя” разбуралі тэлеграфныя слупы, пераразалі лініі сувязі ў фашыстаў, вывешвалі зводкі Інфармбюро, палілі і ўзрывалі важныя аб’екты, пазбаўляючы ворагаў бензіну, прадуктаў харчавання, сувязі.

Камандаванне партызан з разуменнем і адабрэннем сустракала кожную інфармацыю, што паступала ад падпольшчыкаў, аказвала падпольнай арганізацыі вялікую дапамогу ў яе складанай і цяжкай рабоце. Кіраўнікам падполля ўдалося заслаць у СД, камендатуру і іншыя ўстановы акупантаў некалькі членаў падполля. Гэта дало магчымасць своечасова атрымліваць неабходную інфармацыю, дапамагло забяспечыць партызан разведвальнымі данымі, рознымі бланкамі, пасведчаннямі, даведкамі і іншымі дакументамі, якія былі неабходны для пражывання. Неаднойчы падпольшчыкі папярэджвалі партызан аб карных экспедыцыях, якія рыхтавалі супраць іх фашысты.

Першыя страты Круглянская падпольная арганізацыя панесла 22 чэрвеня 1943 года: тады па віне здраднікаў было арыштавана 60 чалавек, расстраляна 8 падпольшчыкаў. Апошняга ўдару – 25 снежня, калі ў турме аказалася 20 змагароў за вызваленне — яна не вытрымала.

Але ж асноўны лёс краіны, безумоўна, вырашаўся на франтах Вялікай Айчыннай вайны. Сотні ўраджэнцаў Кругляншчыны сустрэлі яе ў пагранічных акругах. У першыя дні вайны пасля аб’яўлення мабілізацыі ў Чырвоную Армію было прызвана больш за 8000 жыхароў раёна. Многія з іх удзельнічалі ў абароне Магілёва, Віцебска, Смаленска, зведалі горыч паражэння, страты сяброў. Камандзіры і чырвонаармейцы, якія трапілі ў акружэнне і не прабіліся на злучэнне са сваімі часцямі, вярталіся ў родныя мясціны, каб прадоўжыць барацьбу з фашыстамі ў партызанскіх атрадах. Сярод іх былі будучыя начальнік штаба Круглянскай ВАГ К.І. Мацеж, камандзіры партызанскіх атрадаў Г.С. Міснік, В.У. Кадышаў, А.І. Машчыцкі, камісары Ф.С. Старавойтаў, П.І. Счаслаўскі, начальнік штаба 36-га атрада А.С. Сімановіч і інш. Тысячы нашых землякоў працягвалі змагацца ў дзеючай арміі. Званне Героя Савецкага Саюза прысвоена пасмяротна сяржанту С.А. Лавянецкаму, які нарадзіўся ў в. Філатава. У свае 19 гадоў поўным кавалерам ордэна Славы стаў ураджэнец в. Круча Н.Л. Юшкоўскі. Круглянскі раён быў вызвалены войскамі 3-га і 2-га Беларускіх франтоў у час Віцебска-Аршанскай і Магілёўскай (23-28 чэрвеня), а таксама Мінскай (29 чэрвеня – 4 ліпеня 1944 г.) наступальных аперацый.

Наталля РУДЗЬКО, настаўніца беларускай мовы і літаратуры Комсеніцкага НПК дзіцячы сад –сярэдняя школа.

Последние новости

Актуально

На Круглянщине проходит республиканский субботник

18 апреля 2026
Читать новость
Актуально

Зонты не прячем. Что готовит погода для белорусов 17 апреля

17 апреля 2026
Читать новость
Официально

Сегодня на заседании райисполкома в центре внимания рассматривались вопросы продовольственной безопасности и готовности наших хозяйств к активному сезону

17 апреля 2026
Читать новость
Актуально

Личный кодекс трудолюбия

17 апреля 2026
Читать новость
В мире

Около 100 мертвых тюленей обнаружили на побережье Каспийского моря в Казахстане

17 апреля 2026
Читать новость
Общество

Регистрация паспорта готовности к работе в осенне-зимний период в электронной форме

17 апреля 2026
Читать новость

Рекомендуем