Познаем Беларусь: обычай помолвки в давних традициях белорусов
Да пачатку Велікоднага посту юнакі імкнуліся хутчэй ажаніцца, а дзяўчаты — выйсці замуж. Разгледзім, якімі былі вяселлі нашых прабабуль і прадзядуль. А пачнём з замовін, або заручын.
У старажытнай Беларусі вяселлі звычайна пачыналі гуляць пасля Вадохрышча. Доўгую, расцягнутую на некалькі тыдняў урачыстасць распачынала сватанне. Сям’я жаніха выбірала сватоў і адпраўляла іх у дарогу. На шляху выконваліся старажытныя абрады. Лічылася, што яны дапамогуць правесці паспяховы паход у чужую сям’ю за нявестай.
Каб увайсці ў дом маладой, сватам трэба было выканаць шэраг умоўнасцей. Сват павінен быў перанесці праз парог спачатку правую нагу і ў дадатак стукнуць ёю аб парог пяткай, каб нявеста не адступілася. Калі сваты ўваходзілі ў дом, станавіліся пад цэнтральнай бэлькай хаты — яе яшчэ называлі маціцай. Пазней выраз «стаць пад маціцу» стаў азначаць «пасватацца».
На выпадак, калі нявеста адмовіць і каб сватам пры гэтым не было вельмі сорамна, яны прыходзілі або пад вечар, калі сцямнее, або на досвітку. Часта чакалі маладзіка ці поўні: верылі, што гэта паспрыяе багатаму жыццю маладых, а іх шчасце будзе расці і павялічвацца гэтак жа, як расце месяц і ўзнімаецца над зямлёй сонца.
Калі нявеста згаджалася, сваты дамаўляліся з бацькамі пра пасаг, дзень і парадак вяселля, колькасць гасцей. На змовінах маладыя сядалі за стол, клалі свае правыя рукі на хлеб, а бацька або хросны нявесты абвязваў іх хусткай ці стужкай. Адсюль паходзіць яшчэ адна назва абраду — «заручыны». А замацоўвалі дамову ўзаемнай трапезай і так званым прапіваннем нявесты.
У кнізе «Язычніцтва старажытных беларусаў» Людміла Дучыц і Ірына Клімковіч адзначаюць: «Каб дамовіцца пра ўсе падрабязнасці вяселля, сваты наведваліся ў дом нявесты некалькі разоў. Таму ў рэгіёнах Беларусі абрад атрымаў розныя назвы: запоіны, першыя і другія (вялікія) заповіны, запэвыны, запіткі, запіўкі, запой, перапой, малая і вялікая гарэлка і іншыя. Выпіўку звычайна прывозіў сват жаніха і казаў: «Я вам прысланы, каб быў стол засланы».
У канцы запоін нявеста дарыла жаніху напоўненую жытам бутэльку, закручаную ў палатно і абвязаную поясам, сатканым сваімі рукамі. Гэта і пацвярджала яе канчатковую згоду на шлюб. З гэтага моманту дзяўчына лічылася засватанай, атрымоўвала новую назву «княгіня» ці «заручоная». І ніхто, як з боку жаніха, так і з боку нявесты, пасля гэтага моманту не меў права змяніць рашэнне, прынятае маладымі. Цікавая дэталь: у чарку навесце клалі манету, якую яна потым забірала сабе. У якасці закускі бацькі падавалі яешню або сыр. Адсюль і выраз: «Запілі дзяўчыну, заелі яешняй».
Перад самым вяселлем у доме нявесты ладзілі «зборную суботу», або «дзявочы», «паненскі» вечар, які быў своеасаблівай мяжой у жыцці і сацыяльным статусе дзяўчыны. Яна развітвалася з маладым жыццём, сяброўкамі. Пакідаючы родны дом перад вяселлем, нявеста аплаквала дзявочае жыццё. Прычым плакаць трэба было абавязкова. Плач лічыўся рытуальным. І чым гучней ён быў, тым лепш. Нашы продкі верылі: пасля гэтага далейшае жыццё дзяўчыны будзе вясёлым.