Тэма выбітных людзей: якія цікавыя кнігі вышлі на пачатку года ў Беларусі?

Тэма выбітных людзей: якія цікавыя кнігі вышлі на пачатку года ў Беларусі?

Падобна на тое, што Год добраўпарадкавання дабраўся і да кніжнага свету. На самым пачатку 2025-га з’явіліся выданні, якія адразу прыцягнулі вялікую чытацкую ўвагу. Дакументальна-біяграфічны нарыс «Наш Президент» сярод іх займае асаблівае месца. Многія паспелі ацаніць і ўнікальнасць зместу, і бездакорную якасць складанай паліграфіі гэтага выдання.

Перад аўтарамі кнігі — доктарам педагагічных навук, прафесарам, заслужаным дзеячам навукі Беларусі Аляксандрам Радзьковым, прэс-сакратаром Прэзідэнта Наталляй Эйсмант, намеснікам кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Беларусі Уладзімірам Пярцовым і старшынёй Саюза пісьменнікаў, дырэктарам выдавецтва «Беларусь» Аляксандрам Карлюкевічам — стаяла няпростая задача. Наталля Эйсмант акрэсліла яе так: «…напомніць, які шлях прайшоў і які шлях праходзіць сёння наш Прэзідэнт, колькі ён зрабіў і робіць штодня для кожнага з нас, нашай краіны».

Грунтоўная праца над выданнем працягвалася каля трох гадоў. Урэшце атрымалася кніга, якая паслядоўна распавядае пра шлях Прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі — ад дзяцінства да выступленняў на міжнародных трыбунах. Тут і гісторыя, і архіўныя дакументы, і атэстаты, і граматы, і выказванні, і цытаты. Усё гэта не можа не зацікавіць як айчыннага, так і замежнага чытача. Таму да першапачатковага тыражу 5 тысяч экзэмпляраў вырашана дадаць яшчэ 10 тысяч. Верагодна, кнігу выдадуць таксама на англійскай мове.

Тэму асобы ў гісторыі працягнем кнігай Алеся Марціновіча «Лица во времени». Прысвечана яна сапраўдным тутэйшым геніям, унёсак якіх цяжка пераацаніць. Іх імёны ўвекавечаны ў архітэктурна-скульптурнай кампазіцыі «Залатое кольца беларускай навукі», змешчанай каля Нацыянальнай акадэміі навук, — напэўна, бачылі? З дапамогай аздобленага ілюстрацыямі і цытатамі выдання цяпер можна заглыбіцца ў жыццё і творчасць «залатой сямёркі». Аўтар вядзе нас са стагоддзя XII — у XX, пачынае з заснавальніка філалагічнай і навукова-філасофскай традыцыі, пісьменіка, прапаведніка Кірылы Тураўскага, першадрукара, перакладчыка, асветніка Францыска Скарыны, паэта, драматурга, багаслова Сімяона Полацкага. Следам распавядае пра ваеннага інжынера, тэарэтыка і практыка артылерыі Казіміра Семяновіча. Потым трымае ў полі зроку асобу Яўстафія Тышкевіча з яго спадчынай у галіне археалогіі, этнаграфіі, фальклору, Яўфімія Карскага з яго даследаваннямі беларускай мовы, літаратуры, палеаграфіі.

Грунтоўны аповед завяршаецца трагічнай фігурай Усевалада Ігнатоўскага — гісторыка, акадэміка, першага прэзідэнта Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі і адначасова дырэктара Інстытута гісторыі… Адзін з аўтараў ідэі праекта акадэмік Уладзімір Гусакоў трапна заўважыў у прамове: «У вобразах… геніяў нацыі сімвалічна захавана праца мноства беларускіх вучоных, якія, нягледзячы на цяжкасці і няўдачы, заўсёды ішлі наперад, ад адкрыцця да адкрыцця, дзеля развіцця і росквіту нашай Айчыны».

Калі працягваць тэму выбітных людзей, нельга абысці ўвагай сапраўднага генія сваёй справы, нашага сучасніка — фотажурналіста Анатоля Клешчука. У 2023 годзе ён пайшоў з жыцця, але засталася бясконцая колькасць каларытных фотаздымкаў. З 1993 года імі насычаўся ці не кожны нумар старэйшай штодзённай газеты «Звязда», а яшчэ фотаальбомы, тэматычныя выставы, у тым ліку міжнародныя. Мне пашчасціла працаваць поруч з Анатолем шмат гадоў. Памятаю, як ён радаваўся вынікам сваёй працы, любіў, калі навакольныя падзялялі з ім гэту радасць. Гартаючы яго новы фотаальбом «Беларусь. Зямля пад белымі крыламі», зноў бачу тую любоў, з якой Анатоль ладзіў творчы працэс, каб злавіць веліч і хараство розных рэчаў, з’яў, персанажаў. Яму падабаліся камандзіроўкі, калі можна было мала спаць і шмат працаваць, — майстар праехаў і прайшоў па краіне не адну тысячу кіламетраў, — каб зафіксаваць імгненні жывога жыцця. Вось дарога паміж азёр на Полаччыне, паводка на Нёмане ў Чавускім раёне, Дзвінскі бераг у Друі на Браслаўшчыне, ранак на балоце Ельня ў Віцебскай вобласці, неба праз руіны храма ў вёсцы Смальяны Аршанскага раёна, пабеленыя снегам дахі ў вёсцы Гайна Лагойскага… Усе гэтыя краявіды змешчаны ў альбоме па порах года, пачынаючы з вясны. Яна, дарэчы, не за гарамі…

«А самых лепшых — час не беражэ.
Канае лета перапёлкай у жыце.
Наведвайце яго — хто быў бліжэй.
А хто далей — дык светла ўспамяніце».

Нахлынулі ўспаміны, а з імі прыгадаліся радкі, напісаныя сорак гадоў таму. Верш «Птах» ды шэраг іншых твораў зоркі паэтычнага слова Яўгеніі Янішчыц напаўняюць свежы зборнік «Непрыручаная птушка», што выйшаў у серыі «Новая бібліятэка беларускай паэзіі». Кніга названа ў гонар аднайменнага верша, прасякнутага настолькі тонкімі і глыбокімі пачуццямі, на якія была здатная, здаецца, толькі яна, Яўгенія Патапчук (яе сапраўднае прозвішча).

Памятаеце, як народны паэт Беларусі Рыгор Барадулін акрэсліў творчасць беларускай Ахматавай: «Зоркі як вершы Жэні Янішчыц — з суму і са святла». Свае першыя вершы дзяўчына напісала яшчэ ў школе, у студэнцкія гады ўжо актыўна друкавалася ў перыёдыцы, а першы зборнік стаў, як тады казалі, сапраўдным прарывам у літаратуры. Дэбют адразу прызналі сталыя творцы, настолькі магутным быў пачатак. Жэня неўзабаве аказалася самай маладой у Саюзе пісьменнікаў. Аднак на жыццё творцы выпалі і крызісы, і прыкрая крытыка, і моцнае каханне — адначасова ўзнёслае і трагічнае, і дэпрэсія, і ранні сыход з жыцця.

«Кожнаму сваё наканавана, разважай не разважай, а нічога не зменіш», — кажа герой апавядання з аднайменнай кніжкі «Любіна сукенка» Валянціны Драбышэўскай. Усё можа быць, калі верыш у лёс. Бывае ён шчаслівым, а бывае… Мільёнам людзей — з розных сем’яў, рознага ўзросту і выхавання, з рознымі марамі ды памкненнямі — выпадае лёс аднолькавы. І тады здараецца так, што ўнучкі гінуць, а бабулі жывуць. Жывуць, каб памятаць.

Вось як баба Агата, якая кожнае 9 Мая ажно да апошняга свайго ўздыху размаўляла з унучкавай сукенкай (гэта ўсё, што засталося на памяць аб чатырнаццацігадовай дзяўчынцы, якая загінула ў першы дзень вайны). «…І чаго людзям не хапае? Жыві і радуйся жыццю з сабой ды людзьмі ў міры і згодзе! Дык не ж… А мы, беларусы, дужыя, мудрыя, працавітыя! Таму і жывём!» — разважала яна сам-насам. Але ж Любіна сукенка — не проста памяць пра ўнучку. Гэта быў абярэг для ўсіх беларусаў. А калі так, то ці магла пасля смерці Агаты згінуць такая каштоўная, намоленая рэч? Вядома, не… Пра другое жыццё незвычайнай сукенкі раю даведацца падчас сямейнага чытання — будзе сапраўды карысна.

БЕЛТА

Последние новости

Актуально

На Круглянщине проходит республиканский субботник

18 апреля 2026
Читать новость
Актуально

Зонты не прячем. Что готовит погода для белорусов 17 апреля

17 апреля 2026
Читать новость
Официально

Сегодня на заседании райисполкома в центре внимания рассматривались вопросы продовольственной безопасности и готовности наших хозяйств к активному сезону

17 апреля 2026
Читать новость
Актуально

Личный кодекс трудолюбия

17 апреля 2026
Читать новость
В мире

Около 100 мертвых тюленей обнаружили на побережье Каспийского моря в Казахстане

17 апреля 2026
Читать новость
Общество

Регистрация паспорта готовности к работе в осенне-зимний период в электронной форме

17 апреля 2026
Читать новость

Рекомендуем