«Я — часцінка маёй Беларусі»: вспоминаем наследие талантливого белорусского писателя Александра Казеки

Пайшоў з жыцця старшыня Магілёўскага аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі, знакаміты пісьменнік і грамадскі дзеяч Алесь Казека, але яго прысутнасць у беларускай літаратуры не знікла. Яна засталася ў літаратурным багацці, што пакінуў творца свайму народу. У тым ліку зборнікі «Души моей родник», «Мелодия надежды», «Час сяўбы», «Медунiца», «Перекрестки судеб», «Марыйка», «Песня роднай зямлi». Галоўнай яго зброяй было слова, якое пісьменнік нёс у свет і ваяваў ім за духоўнасць і прыгажосць Радзімы. Перачытваем творы, і становіцца відавочна: ён пакінуў не проста кнігі, а спосаб глядзець на свет. Спосаб, у якім ёсць павага да чалавека, да працы, да роднай зямлі, да ўнутранай праўды.

Фото из архива «СБ»
«Шануйце справы, якімі продкі вашыя дзяржаву і спадчыну адвеку бераглі»
Нарадзіўся Алесь Казека ў вёсцы Новы Юзін Кіраўскага раёна ў 1958 годзе ў сям’і ляснічага. У 1970 годзе сям’я пераехала ў сяло Чачэвічы на Быхаўшчыну. Пасля заканчэння Арлоўскага вышэйшага ваеннага вучылішча сувязі служыў у Арле, Уладзівастоку, Бранску і Малілёве. Пасля дэмабілізацыі працаваў настаўнікам, намеснікам кіраўніка Магілёўскага абласнога цэнтра культуры і мастацтва. Але самая багатая спадчына Алеся Казекі — унікальная лірыка. Ён умеў бачыць Беларусь праз канкрэтныя дэталі — пах духмянага сена, шолах вясновай бярозы, ціхі голас ракі… І сам сябе атаясамліваў з Беларуссю. Так, у адным з вершаў «Я — часцінка маёй Беларусі» аўтар пісаў: «Я — маленькая кропля з крыніцаў святых, / Што ваду жыватворную маюць, / І зярнятка з мільёнаў зярняткаў жывых, /Што багацце Радзімы складаюць».
«Шануйце славу бацькоўскай веры і шануйце справы, якімі продкі вашыя дзяржаву і спадчыну адвеку бераглі» — так у адным са сваіх твораў выказаўся пісьменнік. На працягу дзесяці гадоў ён узначальваў суполку аднадумцаў на Магілёўшчыне. У сваім інтэрв’ю казаў, што ганарыцца арганізацыяй, якая ў 2020 годзе стала перадавым атрадам ідэалогіі. А таксама адзначаў, што роля творцы зараз вырасла — яму трэба разбірацца ва ўсіх сферах жыцця, каб адказваць на любыя пытанні чытачоў.
— Патрыятызм, талент і грамадская актыўнасць — галоўныя крытэрыі, па якіх адбіраем сяброў да сябе ў аддзяленне, — падкрэсліваў Алесь Казека. — Разам мы сталі адной вялікай сям’ёй, адраджаем духоўнасць, якую некаторыя беларусы страцілі, пайшоўшы празаходнімі сцежкамі. Прычым ворагі іх нам навязваюць непрыкметна і мэтанакіравана, каб разбурыць славянскую духоўнасць і моц. Пераможам, калі будзем шанаваць славу і справы продкаў, памятаць іх. У гэтым і наша адзінства.
Легендарная «Марыйка»
Пісьменнік вялікую ўвагу ў сваіх творах надаваў родным мясцінам, адлюстроўваў жыццё сучаснай вёскі, прыгажосць роднай прыроды. Самым ўлюбёным месцам Прыдняпроўскага краю, што надавала творчую сілу, была рака Друць, на беразе якой знаходзіцца родная вёска Чачэвічы. Тут Алесь Казека разам з сям’ёй і адпачываў, і набіраўся натхнення для новых вершаў. Асобная старонка яго спадчыны — творы пра Вялікую Айчынную вайну, бо яна вострым лязом парэзала сям’ю. У матулінай сям’і было дзесяць дзяцей, але на пачатку вайны засталося толькі чацвёра. Вайну перажыла адна маці: яе брат прапаў без вестак, а яшчэ аднаго брата і сястру спалілі ў Борках.
Як сімвал болю, аўтар напісаў выдатную вершаваную паэму «Марыйка». Гэта лірычны рэквіем пра спаленую фашыстамі ў Вялікую Айчынную вайну вёску Боркі і пра дзяўчыну, якая стала адным з нешматлікіх сведкаў гэтай трагедыі. Твор трымаецца на дакладных фактах, але пададзены праз эмацыйны, асабісты погляд: аўтар вяртае голас сваёй маці, Марыйцы, якая ў 1942‑м страціла ў агні ўсіх родных і на працягу ўсяго жыцця несла ў сабе памяць пра той дзень. Алесь Казека паказвае вайну праз спаленую вёску, абарваныя лёсы, маўчанне, якое застаецца пасля крыку.
«Вёска Боркі Грыбавецкага сельсавета Кіраўскага раёна на пачатак вайны налічвала каля 300 двароў, у якіх жыло 1378 жыхароў. Раніцай 15 чэрвеня 1942 года вёску акружылі карнікі. Заходзячы ў хаты, яны нічога не гаварылі і не тлумачылі, а расстрэльвалі ўсіх без разбору — і старых і малых. Закончыўшы расправу, спалілі ўсе дамы. У гэтым страшэнным агні згарэлі і целы расстраляных. Выжыць цудам удалося толькі 23 чалавекам» — гэта прадмова да паэмы. Твор пранізвае да слёз: «Хоць не быў я на гэтай вайне, // Не гарэў, скатаваны, у хаце. // Ды, відаць, гэты боль да мяне // З малаком перадаўся ад маці».
Кожны ўдалы твор, як гэта мае быць, не пакідае нікога раўнадушным. Так і з паэмай «Марыйка», якой зацікавіліся тэатралы: спачатку абласны народны тэатр пад кіраўніцтвам Алы Кусковай, затым Магілёўскі дзяржаўны каледж мастацтваў. Рэжысёр-пастаноўшчык — Алена Ярашук, а навучэнцы каледжа ў свой вольны час старанна рыхтаваліся. Маладзёжны тэатральны калектыў са шчымлівай п’есай калясіў па ўсіх раёнах вобласці, а свой праект назвалі «Песня роднай зямлі». Бо паэма «Медуніца» так і пачынаецца: «Дзе цябе адшукаць, песня роднай зямлі, // Каб табою імкнуцца да Бога».
Пры падтрымцы Магілёўскага абласнога аддзялення Фонда міру і аблвыканкама выйшла асобная кніжка, якая папоўніла школьныя і публічныя бібліятэкі рэгіёна, дзе падрабязна апісана трагедыя вёскі Боркі, допыты здраднікаў, успаміны відавочцаў, многа ілюстрацый і дакументаў.
— Зразумеў: эмоцыя ў пастаноўцы велізарная, — аналізаваў зробленае Алесь Казека. — Гледачы выходзяць з залы з іншым светапоглядам. У сталічным Доме літаратара імпрэза таксама выклікала рэзананс. Каб атрымалася яшчэ мацней, сюжэт спектакля пашырылі, аб’яднаўшы паэму «Марыйка» з легендай пра вечнасць — паэмай «Медуніца». Гармонію сусвету перапыняе вайна — на гэтым трыгеры пачуццёвасць успрымання падвойваецца.
Замест эпілога
Для Алеся Казекі пісьменніцтва было не проста прафесіяй, а сапраўдным жыццёвым прызначэннем, якое вызначыла ўвесь яго шлях. Ён стаў летапісцам гісторыі свайго народа, увабраў боль вайны і памяць пра спаленыя вёскі з малаком маці, і менавіта праз паэзію мог перадаць гэты боль іншым, засцерагаючы будучыя пакаленні ад паўтарэння жаху. Акрамя таго, пісьменніцтва выступала для яго інструментам філасофскага асэнсавання свету і свайго месца ў ім. Алесь Казека спрабаваў праз верш дайсці да сутнасці жыцця, знайсці гармонію паміж зямным і нябесным. Творчы дар дазваляў яму гаварыць з Богам і людзьмі на адной мове.
І што вельмі важна, пісьменніцтва было для Алеся Казекі формай найвышэйшага служэння. Ён разумеў працу са словам як грамадзянскі абавязак, як спосаб умацавання духоўнасці і патрыятызму свайго народа. Узначальваючы магілёўскую творчую арганізацыю, пісьменнік бачыў сэнс не ў асабістай славе, а ў тым, каб праз свае тэксты выхоўваць у людзях пачуццё адказнасці за лёс краіны. Яго паэзія стала працягам афіцэрскай службы, толькі слова замяніла зброю.
Урывак з паэмы «Марыйка»
Паліцаі, як злодзей да клеці,
Падыходзяць да плота ва ўпор.
Застаецца адзін ля павеці,
А другі — напрасткі цераз двор.
Міма вокнаў ідзе да парога…
Сэрца Вольгі ад страху дрыжыць.
Застаецца надзея на Бога:
Зберажы! Зберажы! Зберажы!
Ён заходзіць… Нязванец бяздушны,
У пагардлівым позірку здзек.
Свет сціскаецца. Даўка і душна.
Што патрэбна табе, чалавек?
Ты прыйшоў, каб забраць нашы жыцці?
Што, табе не хапае свайго?
Мо цябе нарадзіла ваўчыца
Ад дыхання паганскіх багоў?
І пагэтаму ты ў неспакоі,
І душа твая прагне крыві,
Каб спатоліцца гэтым напоем
І падоўжыць свой век на зямлі?
Ці зямелькі табе не хапае,
Каб спакоем напоўніць свой век?
У любові ж усё расцвітае.
Што патрэбна табе, чалавек?..
Не, не воўк ты па простай прыкмеце:
З іх ніколі ніхто ў барацьбе,
Хоць жывуць і ў бязлітасным свеце,
Не знішчае падобных сабе.
Толькі служкі пякельнага племя
Праз такіх забіраюць свой куш,
Рассыпаючы Каіна семя
Над палеткамі выклятых душ.
Нелюдзь ты!.. Гэта ж бачна адразу,
Не прысніцца такое і ў сне.
— Дзеткі, дзеткі, хавайцеся разам.
Вось сюды, за мяне, за мяне.
Можа, пройдзе і гэта здарэнне.
Можа, ён пашкадуе малых. —
І дакладней мальбы і прашэнняў
Выдаў Вольгу нястрыманы ўздых.
Брацік побач. «Акно падпірае».
Калі што, абароніць мяне.
Паліцай, можа, толькі пужае,
Добрым скончыцца ўсё…
Але не.
Шурка думкі варожыя змеціў
І на ката рвануўся, як змог.
Толькі вораг яго апярэдзіў
На імгненне,
Спусціўшы курок.
Кулямётны адрывісты рогат
Час, жыццё і прастору расшыў.
Рукі цягнуцца к небу, да Бога:
— Зберажы! Зберажы!.. Зберажы…
