З песнямі і забавамі адсвяткавалі жыхары і госці Кругляншчыны «Калядкі»

Каляды – адно з самых старажытных святаў нашых продкаў, цесна звязанае з сонечным цыклам.
З прыходам хрысціянства Раство прымеркавана да рэлігійнага свята Нараджэння Хрыстова. Лічылася, што першы дзень Каляд (23 снежня па новым стылі) супадае з момантам, калі дзень пачынае павялічвацца, ноч скарачацца і справа паволі ідзе да вясны.
Адзначаліся Каляды на працягу 12 дзён. У гэты перыяд было прынята абмяжоўваць сябе ў фізічнай працы, збірацца ўсёй сям’ёй за адным сталом, весяліцца, вадзіць карагоды, калядаваць. Традыцыйным і абрадавым пачастункам лічылася куцця – пшанічная каша з рознымі дадаткамі (мёдам, цукрам, арэхамі і інш.).
У аўторак, 7 студзеня, праваслаўныя вернікі адзначалі Раство Хрыстова. У гэты дзень у Круглым прайшла традыцыйная тэатралізаваная праграма. Жыхароў і гасцей Круглага шчыра віталі Гаспадар з Гаспадыняй на народным свяце «Каляды». Гледачы з задавальненнем сачылі за падзеямі, а таксама танцавалі пад спевы народных ансамбляў «Вераснянка» і «Калінушка», вакальнага ансамбля «Беларусачка».
Адзначаць Каляды – адна з п рыгожых старажытных традыцый Беларусі.
Многія ўнікальныя калядныя абрады, якія захаваліся ў розных рэгіёнах краіны, прызнаныя гісторыка-культурнай каштоўнасцю нашай Радзімы. Таму хочацца спадзявацца, што з часам традыцыі гэтага свята будуць толькі ўзбагачацца.
Фота Юліі Ходас.

