З  жывой крыніцы  яго  творчасці

З  жывой крыніцы  яго  творчасці

Пагадзіцеся, што мусіць не толькі на мяне адну жоўтай і шапаткой восенню неяк нечакана і без асаблівай прычыны наваліцца раптам ціхі і, калі хочаце, нават трапяткі, прыемны ў сваёй сцішанасці сум, які неспакойна трывожыць цябе, дзе б ты ні была, куды б ні ішла ці ехала. Увосень – радасць і тая будзе трошкі спакайнейшая, цішэйшая. Адкуль ён, гэты шчымлівы неспакой жоўтай восені?

Можа з твораў маіх любімых пісьменнікаў… Але сёння сум і радасць ідзе ад сустрэчы з любімым творцам, выдатным майстрам мастацкага слова, заслужаным дзеячам навукі, двойчы лаўрэатам дзяржаўнай прэміі, народным паэтам  Якубам Коласам, 140-годдзе якога адзначае сёлета Беларусь.

Якуб Колас… Глыбокі, сімвалічны сэнс у гэтым імя: расці на роднай зямлі, на роднай ніве, ствараць хлеб духоўны для народа. У паэта былі і іншыя псеўданімы, аднак гэтае імя найбольш адпавядала яго творчасці. Талент Коласа выдужаў, выспеў і вырас у вялікую з’яву.

Арганічная сувязь з народам дапамагла пісьменніку стварыць шмат цудоўных твораў, унесці значны ўклад у скарбніцу сусветнай літаратуры.

Да мяне асабіста сваімі вершамі прыйшоў Якуб Колас яшчэ ў маленстве, калі я яшчэ не ўмела чытаць, але дзякуючы бацькам, якія чыталі на памяць вершы паэта, яны запомніліся мне і брату на ўсё жыццё. Потым была пачатковая вясковая школка, затым сярэдняя, дзе навучанне вялося на беларускай мове.

Урокі роднай мовы і літаратуры… Вершы, урыўкі з іх, а таксама з празаічных твораў, сказы, што выводзіла пяро ў сшытку – у іх нябачна прысутнічаў аўтар, любімы аўтар, радкі якога запалі ў сэрца.

І ўжо потым – і ў тэхнікуме, і ў інстытуце – былі творы, грунтоўныя і мудрыя, як чарговая радасць спаткання, як адкрыццё свету, чароўнасці коласаўскага радка:

«Мой родны кут, як ты мне мілы,

Забыць цябе не маю сілы»…

Гэтыя радкі  – адкрыццё любові да зямлі, што нарадзіла і  дала моцы пранесці гэтую любоў да скону дзён, якая дала тую сілу, каб уславіць яе на вякі.

Мне жыццё падаравала шчасце пабываць на Стаўбцоўшчыне, у тых мясцінах, дзе нарадзіўся Канстанцін Міхайлавіч Міцкевіч. Тут яго калыска, тут прайшло дзяцінства будучага песняра беларускай зямлі. Ласток і Альбуць, тая маляўнічая прырода, якая запала ў памяць Кастуся і дзе ён зрабіў першыя крокі ў краіну ведаў. А потым Мікалаеўшчынская школа…

А калі ўлічыць, што экскурсаводам быў пляменнік Якуба Коласа, У. Міцкевіч, то можна зразумець, колькі цікавага мы даведаліся: і пра гады вучобы песняра ў Нясвіжскай настаўніцкай семінарыі, і яго асабістым жыцці,  аб яго грамадскай і навуковай дзейнасці, і аб лёсе яго роднага чалавека ў варунках складанага часу. Гэта было шчасце – пабыць каля самых коласаўскіх вытокаў, дзе будучы пісьменнік слухаў матчыны песні, аповеды дзядзькі Антося, тыя хвіліны шчасця, якія можа даць толькі бацькоўскі кут. Аб той паездцы мне застаўся на добрую памяць фотаздымак Якуба Коласа з надпісам: «На добрую памяць Святлане Прывалавай з радзімы Якуба Коласа. 8.07.72 г. Загадчык філіяла музея Я. Коласа У. Міцкевіч».

І яшчэ ў жыцці засталіся незабыўныя ўспаміны аб свяце Каласавіны, што прайшло ў дзень нараджэння Якуба Коласа на яго радзіме на берагах Нёмана-бацькі.

Усё тое, што адбывалася падчас свята – гэта не толькі глыбокая павага, шчырасць і любоў да славутага земляка. Гэта было свята еднасці ўсіх пакаленняў, кожны змог дакрануцца сэрцам да спадчыны класіка.

Гучалі песні, пакладзеныя на вершы паэта, а таксама яго творы. Чыталіся вершы, прысвечаныя Я. Коласу, таму чалавеку, што выводзіў моладзь на шырокі творчы шлях. Гучала як прызнанне: «Купала і Колас, вы нас гадавалі». І не выпадкова гэтыя імёны крочаць па жыцці побач, імёны двух паэтаў, якія ўпершыню сустрэліся ў 1912 годзе ў Смольні і былі самымі шчырымі сябрамі ўсё жыццё.

Выступалі вядомыя беларускія артысты і калектывы мастацкай самадзейнасці, працаваў кніжны кірмаш. Засталіся незабыўныя ўражанні.

Была ў маім жыцці і яшчэ адна незабыўная  сустрэча.

Летам 1969 года група студэнтак бібліятэчнага тэхнікума прыехала на практыку ў Петрыкаў. І першае, што ўразіла нас – помнік дзеду Талашу каля раённага Дома культуры, таму самаму Васілю Іванавічу Талашу, які стаў прататыпам у вядомай аповесці Якуба Коласа «Дрыгва». Да помніка ляглі кветкі і нават нарадзіўся верш пад уражаннем гэтай сустрэчы. А пазней наведалі мы вёску Навасёлкі, пабачылі прыгажуню-Прыпяць, пабывалі ў хаце, дзе жыў дзед Талаш. Шмат чаго цікавага расказаў нам тады яго сын, які жыў з сям’ёй у бацькоўскай хаце. Усё і зараз помніцца да драбніц.

Я думаю пра восень. Мабыць, памыляюцца тыя людзі, якія бачаць у восені адно толькі заміранне жыцця. Здаецца, усё ідзе наадварот. Жыццё ў гэтую пару не замірае, а нараджаецца. І хочацца верыць, што побач з намі заўсёды будзе крочыць Колас, вучыць мудрасці і верыць у светлую будучыню беларускага народа:

«Мы заўсёды шлях гартуем свой

І строім песні голас

На тую песню, ад якой

З зярняці вырас Колас…»  (М. Лужанін).

Святлана Вадап’ян.

Последние новости

Жизнь и безопасность

Скорость и риск: почему к мототранспорту стоит относиться с особой осторожностью

25 апреля 2026
Читать новость
Жизнь и безопасность

Весенние палы травы: почему это опасно и чем грозит

25 апреля 2026
Читать новость
Качество. Экономика. Эффективность

Российский рубль подешевел, доллар и юань подорожали на торгах 25 апреля

25 апреля 2026
Читать новость
Официально

Пример райцентра с развитой социальной инфраструктурой. Что Лукашенко показали в Петрикове

25 апреля 2026
Читать новость
В учреждениях образования

День открытых дверей провели в детском саду № 2 г. Круглое

25 апреля 2026
Читать новость
Актуально

От Костюковичей до Круглого: творчество Сергея Буленкова покоряет Могилёвскую область

25 апреля 2026
Читать новость

Рекомендуем