Зберагчы спадчыну
У Беларусі адводзіцца вельмі значнае месца захаванню нацыянальных традыцый і каштоўнасцяў. Нават Беларуская рэспубліканская навукова-метадычная рада па пытаннях гісторыка-культурнай спадчыны пры Міністэрстве культуры Рэспублікі Беларусь аднагалосна падтрымала прапанову аб наданні статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці традыцыям прыгатавання і спажывання страў з таркаванай бульбы (дранікаў, бульбяных бліноў, бабкі).
У нас на Кругляншчыне таксама ставяцца з павагай і гонарам да гісторыка-культурнай спадчыны Беларусі. Так, загадчык філіяла Цяцерынскага сельскага Цэнтра культуры Ірына Шагун распаўсюджвае рэцэпт стравы «Дранікі з тварагом» не толькі сярод членаў сваёй сям’і, а таксама папулярызуе яго сярод насельніцтва.
Трэба сказаць, што носьбітам спецыяльнага рэцэпту дранікаў з’яўляецца маці Ірыны Леанідаўны, Ніна Віктараўна Трыносава, і, дарэчы кажучы, яго ўжо ўжывае ў сваім дамашнім меню і дачка Ірыны Леанідаўны, Карына Сачыловіч.
Так, у маі 2022 года дэлегацыя Круглянскага раёна прыняла ўдзел у VΙΙ Міжнародным форуме «Традыцыйная культура як стратэгічны рэсурс устойлівага развіцця грамадства». У адзін з дзён форуму на базе адпачынку «Глухариный ток», якая знаходзіцца ў Бялыніцкім раёне, удзельнікі форуму дэгуставалі нашы «Дранікі з тварагом».
Днямі Ірына Леанідаўна і спецыялісты філіяла Цяцерынскага сельскага Цэнтра культуры правялі паказальную фальклорную праграму для сельскіх клубных працаўнікоў ДУК «Цэнтралізаваная клубная сістэма Круг- лянскага раёна», накіраваную на захаванне нематэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцяў «Всем по нраву картофельные забавы». Мерапрыемства акунула прысутных у каларыт даўніх часоў, побыт і жыццёвы ўклад нашых продкаў.
Гледачам прапанавана тэатралізаванае дзеянне з рознымі персанажамі, а таксама магчымасць прыняць удзел у гульнях, праспяваць прыпеўкі, патанчыць, падзяліцца парадамі для гаспадынь.
Галоўным персанажам фальклорнай праграмы сталі «Дранікі з тварагом», а на заключным этапе мерапрыемства прайшла дэгустацыя стравы.
У завяршэнні хочацца сказаць, што калі кожны з нас будзе берагчы і прымнажаць наша нацыянальнае багацце, якое завецца спадчынай, то лепшыя традыцыі будуць жыць вечна.
Таццяна Падымака, метадыст па культурна-масавай працы РДК.