Светлая ночка купальская…

Ноч на Івана Купалу з 6 на 7 ліпеня ў народзе інакш як чароўнай не называюць. І сапраўды, свята Купалля ахутана мноствам прыкмет і павер’яў. І менавіта ў гэту ноч мы чакаем цудаў і здзяйснення ўсіх самых запаветных мар.
Напрыклад, бытуе легенда аб папараць-кветцы, якая быццам бы раскрываецца адзін раз у год і толькі на некалькі імгненняў – менавіта ў ноч напярэдадні Івана Купалы. А таму, хто яе знойдзе, адкрыюцца многія таямніцы, прызначана лёсам быць багатым і шчаслівым.
Гэта народнае свята любяць і на Кругляншчыне. І лепшы таму доказ – масавасць. Вось і сёлета шмат людзей прыйшлі ў цэнтральны парк культуры і адпачынку, дзе і адбылося тэатралізаванае прадстаўленне з канцэртнай праграмай, падрыхтаванае, як звычайна, работнікамі цэнтралізаваных бібліятэчнай і клубнай сістэм, самадзейнымі артыстамі раённага Дома культуры і дзіцячай школы мастацтваў.
Дзея разгортвалася на ўпрыгожанай палявымі кветкамі і травамі імправізаванай сцэне, дзе збіраліся галоўныя дзеючыя асобы прадстаўлення. Вядома, у першую чаргу, гэта прыгажуня Купалінка, ролю якой выдатна выканала супрацоўніца ЦБС Ніна Жулега, і яе верны сябра Іванка (удзельнік мастацкай самадзейнасці РДК Ілля Данілаў). Прыгожыя і чыстыя ў сваіх намерах маладыя людзі шукалі кветку шчасця. А перашкаджалі ім у гэтым нячысцікі ў асобах: Кікімары, Ва-дзяніка, Лесуна і дзвюх Бабак Ёжак. Акрамя таго, вядучыя адкрылі прысутным і яшчэ адзін сакрэт свята: да Купалы з агарода неабходна ўбраць усё пустазелле, каб нячысцікі не перашкаджалі расці добраму ўраджаю.
Трэба сказаць, што на свяце прысутнічалі нямала дзяўчат, якія, упрыгожаныя вянкамі і нацыянальнымі ўборамі, выглядалі асабліва прывабнымі ў гэту чароўную ноч. У многім, дарэчы, Купалле прыцягвае гасцей свята менавіта сваім беларускім каларытам.
Як і чакалася, час, а доўжылася свята да 1 гадзіны ночы, прайшоў непрыкметна, шумна і весела – з песнямі, гульнямі, танцамі. Удзел у канцэртнай праграме, у прыватнасці, прымалі такія вядомыя ў раёне творчыя калектывы і салісты, як вакальныя ансамбль “Крынічанька”, трыа ў скла-дзе Вольгі і Аляксея Ківель і Юліі Ісаевай, Аляксандр Карабаеў, Сяргей Лазоўскі, Мікіта Захараў, Ксюша Рылькова і Крысціна Асташова (ДШМ). Вельмі пастараліся і вядучыя – бібілятэчныя работнікі Алеся Шчуплянкова і Кацярына Трыпуціна. Разнастайныя гульні і конкурсы – на хуткасць, спрытнасць і кемлівасць – усё гэта дастаўляла вялікае задавальненне і гледачам, і ўдзельнікам праграмы.
Як і павялося, кульмінацыяй свята стаў вялікі ачышчальны касцёр, які ярка асвятліў наваколле, разганяючы ўсю нечысць.
Варта дадаць, што пастараліся ў той вечар таксама работнікі гандлю і грамадскага харчавання, прыгатаваўшы да свята для круглян і гасцей горада розныя прысмакі, напоі, памятныя сувеніры.