21 лютага ва ўсім свеце адзначаецца Дзень роднай мовы

21 лютага ва ўсім свеце адзначаецца Дзень роднай мовы
Для Віктара Шніпа, паэта і празаіка, намесніка дырэктара выдавецтва «Мастацкая літаратура», галоўнага рэдактара часопіса «Полымя», ніколі не стаяла пытання, на якой мове размаўляць. Заўсёды гаворыць, піша, думае па-беларуску.
— Мы ж беларусы, у Беларусі жывём, — кажа пісьменнік. — Возьмем, для прыкладу, наша выдавецтва, дзе працуюць як беларускамоўныя, так і рускамоўныя. У нас так прынята, што ніхто ні пры якіх абставінах не пераходзіць з адной мовы на іншую. Беларускамоўныя размаўляюць з рускамоўнымі і… усе адно аднаго цудоўна разумеюць. Ніякіх праблем. Больш таго, у калектыве ёсць рускія па нацыянальнасці, якія нават нарадзіліся ў Расіі. Для іх беларуская мова не родная, аднак і яны, як грамадзяне нашай краіны, імкнуцца яе разумець. Бывае, размаўляю з імі і нейкае слоўца скажу, якое яны не ведаюць. Гэта нікога не засмучае! Просяць патлумачыць, а пасля радуюцца таму, што адкрылі нешта новае для сябе.
Цікава, што попытам беларускамоўная літаратура якраз карыстаецца сярод людзей, якія ў паўсядзённым жыцці размаўляюць па-руску. Вось вам і двухмоўе на практыцы.
— Асабліва цікава назіраць за бацькамі, якія імкнуцца набыць літаратуру на роднай мове для сваіх дзетак. Прычым бяруць творы не толькі непасрэдна беларускіх аўтараў, але і пераклады з іншых моў на нашу, — адзначае Віктар Шніп. — Самае прыемнае, што і дзеці не адварочваюць нос ад свайго, ручкі цягнуць.
Ёсць попыт і на дарослую літаратуру, асабліва класіку.
— У мінулым годзе Беларусь адзначала 130-годдзе з дня нараджэння Максіма Багдановіча. З гэтай нагоды мы выпусцілі першую кнігу праекта «Народная бібліятэка». Сутнасць у чым? Народная — таму што змест кніг складаюць творы, якія прапануюць уключыць самі чытачы праз апытанні ў інтэрнэце, на кніжных выстаўках і мерапрыемствах выдавецтва, — расказвае Віктар Шніп. — Дык тая кніга з творамі Багдановіча, якія прапанавалі чытачы, разышлася на раз-два. Давялося выдаваць дадатковы тыраж — зноў разабралі.
У серыі «Народная бібліятэка» ўжо таксама выйшлі двухтомнікі Янкі Купалы, Якуба Коласа, Васіля Быкава. Плануецца «народнае» выданне Уладзіміра Караткевіча.
— Бо колькі не перевыдавай «Новую зямлю» Коласа, а людзі ўсё роўна будуць купляць. Тут і мова, і жыццё, і душа народа, — адзначае пісьменнік.

