ЗАЙЗДРОСНАЕ ПАСТАЯНСТВА
Пра яго, вадзіцеля СВК “Круглянскі Рассвет” Мікалая Бабарыкіна, наша газета расказвала не адзін раз. І для кожнай сустрэчы і размовы была прыемная нагода.
Пра яго, вадзіцеля СВК “Круглянскі Рассвет” Мікалая Бабарыкіна, наша газета расказвала не адзін раз. І для кожнай сустрэчы і размовы была прыемная нагода. Справа ў тым, што Мікалай Іванавіч – чалавек паважаны не толькі ў гаспадарцы, раёне, але і вышэй – у вобласці і рэспубліцы. Тройчы як пераможца спаборніцтва ён быў удзельнікам рэспубліканскіх фестываляў-кірмашоў “Дажынкі” – у Оршы, Кобрыне, Лідзе, адкуль вяртаўся з каштоўнымі падарункамі.
У час жніва М.І. Бабарыкін вось ужо колькі гадоў нязменна працуе на адвозцы зерня ад камбайнаў. І вынікі работы – самыя высокія. Канешне, яму не зраўняцца па паказчыках з вадзіцелямі вялікагрузных МАЗаў. Але і на сваім самазвале ГАЗ-53 ён на роўных спаборнічае з імі. На жніве 2010 года Мікалай Іванавіч перавёз амаль паўтары тысячы тон зерня. Тады з фестываля-кірмаша “Дажынкі-2010”, які праходзіў у Лідзе, прывёз дамоў у якасці падарунка тэлевізар. А днямі яму была ўручана яшчэ адна заслужаная ўзнагарода за працу – прэмія за перамогу ў абласным спаборніцтве сярод вадзіцеляў, занятых на перавозцы зерня. Зайздроснае і вельмі добрае пастаянства.
НА ЗДЫМКУ: з перамогай у абласным спаборніцтве вадзіцеля СВК “Круглянскі Рассвет” Мікалая Бабарыкіна віншуюць старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Мікалай Даміканаў і першы намеснік начальніка ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама Юрый Яўсееў.
Фота В. Кубека.