Пад ветразем шчасця і надзеі

Пад ветразем шчасця і надзеі

Ніколі не забываюць нават дарослыя дзеці цяпло матуліных рук, бо было іх маленства бязвоблачным і шчаслівым, напоўненым пяшчотай і ласкай самага блізкага чалавека. Таму і спяшаюцца кожную вольную хвілінку ў бацькоўскі дом, каб нешта дапамагчы, пабыць разам. Таццяна Кубека з вуліцы Заслонава г. Круглае можа з радасцю сцвярджаць, што яе шчасце ў дзецях. Дачка Святлана і сын Дзмітрый жывуць у Круглым. І з нявесткай ёй таксама пашанцавала, яна добрая і працалюбівая.

14 кастрычніка, у Дзень маці, дзеці зноў наведаюцца на родны парог, каб павіншаваць матулю са святам. Будуць туліцца да яе і ўнукі, найвялікшае шчасце і надзея.

Таццяна Мікалаеўна працуе касцяляншай у дзіцячым садзіку №1, і дамашніх спраў у яе таксама неўправарот: муж Леанід, механізатар КСУП «Круглянскі-Агра», на працы заняты па поўнай, летняй парой ён у полі ад світання да змяркання, а на дамашнім падворку ўтрымліваецца вялікая гаспадарка, дзве каровы і іншая жыўнасць, якой патрэбен належны догляд. Але гаспадыня паспявае і з унукамі паняньчыцца, і ў хаце заўсёды чысціня і  парадак.

І, напэўна, сакрэт яе шчасця ў тым, што  прывыкла яшчэ з маленства не толькі шмат працаваць, а яшчэ і час знаходзіць  для сваіх блізкіх. Таццяна нарадзілася ў вёсцы Казіміроўка ў дружнай працавітай сям’і. Разам з малодшай сястрой Аленай старалася ва ўсім дапамагаць бацькам. З ранняга дзяцінства  лён убірала, на праполку карняплодаў, на сенакос хадзіла. А доўгімі зімовымі вечарамі бабуля Ніна вучыла ўнукаў  рукадзеллю. І Таццяна вырасла рукадзельніцай, якіх пашукаць. У свабодныя хвіліны садзіцца за швейную машынку. Раней яна працавала ў швейным цэху раённага камбіната бытавога абслугоўвання. Гэтая жанчына змагла перадаць сваім дзецям разуменне галоўнага: каб добра жыць, трэба добрасумленна і шмат працаваць.

Абранніка свайго Таццяна знайшла па-суседству. Ажаніліся з Леанідам у 1986 годзе, спачатку жылі ў Казіміроўцы, а пасля ім ад саўгаса «Круглянскі» выдзелілі жыллё. У гэтым доме пражылі шмат гадоў, дзяцей вырасцілі і выправілі ў людзі.

– З дзяцьмі трэба размаўляць і падаваць асабісты прыклад.  Гэта найлепшая мера выхавання, – казала яна пры сустрэчы. – З імі трэба быць і добрымі, і строгімі адначасова. Вось і з унукамі мы цяпер гэтак, як калісьці з дзяцьмі. Унук Сцяпан ужо лічыць сябе самастойным, ён вучыцца ў пятым класе і прыглядвае за меншай сястрычкай, пяцігадовай Насцяй. Як і яго бацька, з маленства цікавіцца тэхнікай, любіць рыбалку. На рыбалку часта адпраўляецца разам з бацькам.

Таццяна Мікалаеўна паказвала фотаздымкі з сямейнага альбома, дзе яе сын і дачка яшчэ малыя, потым школьнікі, і ўспамінала, як дзеці раслі, чым радавалі.

– Дзіма падрастаў і ўсё ля бацькі круціўся, ля яго трактара, – расказвала яна, – але мне таксама быў не супраць  дапамагчы. Бачыў, што мы з бацькам шмат працуем, і ніколі не трэба было сына асабліва прымушаць да справы. Цяпер ён таксама механізатар у КСУП «Круглянскі-Агра», у гаспадарцы заўсёды ў ліку лепшых. Нам з мужам ніколі не было за яго сорамна, наадварот, чулі толькі пахвальбу ад кіраўніцтва. Дачка Святлана добра вучылася ў школе, вельмі любіла маляваць, і хоць яна і дзяўчынка, любіла рыбалку. Па дамашняй  гаспадарцы гэта была першая мая дапамога.

Пасля школы дачка паступіла ў Магілёўскі ліцэй №1, вучылася на швяю і цырульніка, спачатку працавала ў РКБА, а зараз яна – кантралёр-касір у «Табакерцы».

– Мама, мамачка, – чуе маці ласкавыя словы, і святлее яе твар, і, як і тады, калі дзеці былі малыя, з усмешкай ідзе ім насустрач.

Быць маці – гэта заўсёды, усё жыццё жыць трывогамі і надзеямі сваіх дзяцей, маліцца за іх шчасце і верыць у добрае будучае. Быць маці – найвялікшы сэнс існавання.

Святлана Варапаева.

Последние новости

Новости района

Какое холодное оружие вправе иметь граждане?

22 апреля 2026
Читать новость
Актуально

Прием граждан по личным вопросам провел председатель райисполкома Иван Багель

22 апреля 2026
Читать новость
Официально

«ДОСААФ нам нужен». Лукашенко ориентирует на сохранение и развитие общества

22 апреля 2026
Читать новость
Качество. Экономика. Эффективность

Аграрии Беларуси засеяли яровыми культурами 915 тыс. га — 40 % от плана

22 апреля 2026
Читать новость
Жизнь и безопасность

Ограничения на посещение лесов введены в 72 районах Беларуси 

22 апреля 2026
Читать новость
В мире

Во время взрыва на фабрике фейерверков в Индии погибли не менее 13 человек

22 апреля 2026
Читать новость

Рекомендуем