Як працаваў выхаваўча-аздараўленчы лагер «Агеньчык»

Вось і праляцелі насычаныя дні школьнага летняга выхаваўча-аздараўленчага лагера, падараваўшы шмат яркіх уражанняў, новых сяброў і, вядома ж, моцны зарад бадзёрасці. Наш лагер, як заўсёды, стаў сапраўдным цэнтрам дзіцячых усмешак, актыўных гульняў і карысных заняткаў, якія дапамаглі дзецям не толькі адпачыць, але і атрымаць новыя веды і навыкі.
На базе ДУА «Цяцерынская сярэдняя школа імя А.С. Лукашэвіча» запрашаў аздараўленчы лагер з дзённым знаходжаннем «Агеньчык», у якім адпачывала 45 дзяцей.
Ужо з першага дня выхаванцы з задавальненнем прымалі ўдзел ва ўсіх запланаваных мерапрыемствах.
Кожную раніцу да дзяцей прыходзіла супрацоўніца Цяцерынскай амбулаторыі ўрача агульнай практыкі, медыцынская сястра І.В. Межуёва.
Яна праводзіла хвілінкі здароўя на розныя актуальныя тэмы.
Кожны з двух атрадаў наведаў Цяцерынскую сельскую бібліятэку. Бібліятэкар Г.М. Болдзісава падрыхтавала для хлопчыкаў і дзяўчынак цікавыя мерапрыемствы: свята «Дзяцінства, дзяцінства, ты куды бяжыш», інтэрактыўная віктарына «Жыццё Ефрасінні Полацкай» і іншыя.
Трэба адзначыць, што найбольш падабаліся дзецям штодзённыя спартыўныя гадзіны, гульні і спаборніцтвы на свежым паветры. Традыцыйна вучні шукалі скарб, які быў для іх схаваны выхавальнікамі.
Вялікае значэнне ў «Агеньчыку» надавалася патрыятычнаму выхаванню. У рамках рэспубліканскага экскурсійнага марафона «Дзіцячы аўтапоезд» былі праведзены экскурсія па памятных мясцінах г. Круглае і Магілеўскай вобласці «Ніхто не забыты, нішто не забыта», конкурс патрыятычнай песні, ваенна-спартыўная гульня «Зарнічка». Карыснай стала сустэча з палкоўнікам запасу, кіраўніком па ваенна-патрыятычным выхаванні С.А. Літвінюком, які правёў урок мужнасці, прысвечаны 82-й гадавіне вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.
Дзеці наведалі ўсе помнікі воінам Вялікай Айчыннай вайны, якія знаходзяцца на тэрыторыі Цяцерынскага сельсавета.
Падчас адпачынку ў нашым лагеры не абышлося і без забаўляльных праграм.
Цікава і займальна прайшлі конкурсы «Міс лагера» і «Містэр лагера», «Дзень Нептуна», дыскатэкі.
Мерапрыемствы для дзяцей, якія наведвалі лагер, праводзілі не толькі выхавальнікі, работнікі сельскага Дома культуры, але і прадстаўнікі розных служб раёна: супрацоўнікі РАНС, ІСН і інш.
Незабыўныя ўражанні засталіся ў выхаванцаў ад экскурсій на кандытарскую фабрыку «Кацярына» і ў Свята-Троіцкі праваслаўны храм.
Штодзённа на вячэрняй лінейцы падводзіліся вынікі дня. Самыя актыўныя рабяты атрымлівалі за перамогу або ўдзел у тых ці іншых конкурсах і віктарынах падарункі.
Кульмінацыяй закрыцця лагернай змены стала канцэртна-гульнявая праграма РДК «Лета на двары, вяселле дзетвары», а таксама бяспройгрышная латарэя.
Галіна Ляўковіч, кіраўнік выхаваўча-аздараўленчага лагера.
