Запрашалі фальклорныя пасядзелкі

У рамках рэспубліканскага праекта «Кожная пятніца – роднае, сваё» на мінулым тыдні ў раённым Доме культуры прайшлі фальклорныя пасядзелкі «Вялікдзень». Мерапрыемства падрыхтавалі творчыя працаўнікі РДК, а таксама ўдзельнікі дзіцячага тэатральнага гуртка «Казка» і вакальнага ансамбля «Гармонія».
У пачатку сустрэчы госці пазнаёміліся з гісторыяй і звычаямі святкавання Вялікадня, даведаліся пра яго значэнне ў народнай культуры і сямейных традыцыях.
Асаблівая ўвага надавалася традыцыйным велікодным гульням. Найбольш зацікавіла прысутных гульня ў біткі: удзельнікі па чарзе стукаліся між сабой фарбаванымі яйкамі, і той, чыё яйка заставалася цэлым, лічыўся пераможцам.
Не менш займальным аказалася катанне яек з горкі, паводле якога нашы продкі даведваліся аб працягласці свайго жыцця. Для гэтага будаваўся спецыяльны жолаб, па якім запускаліся размаляваныя яйкі. Чыё яйка пракацілася далей за ўсіх, той і лічыўся доўгажыхаром.
Адным з самых кранальных момантаў стаў старадаўні абрад мыцця дзяцей велікодным яйкам. Хросная беражліва праводзіла ім па шчоках малых, прыгаворваючы добрыя пажаданні здароўя, шчасця і дабрабыту. Гэты абрад сімвалізуе ачышчэнне і ахову ад нягод, а таксама перадае дзецям часцінку бацькоўскай любові і клопату.
На працягу праграмы гасцей радавалі валачобнікі-выканаўцы традыцыйных велікодных песень. Яны хадзілі па зале, віншавалі ўсіх са святам, спявалі святочныя песні і жадалі дабрабыту.
У праграме прадугледжваліся і народныя танцы, а напрыканцы мерапрыемства ўсе разам паспрабавалі святочную пасху, што, какнешне ж, памножыла па-сапраўднаму цёплую, душэўную і святочную атмасферу. Нашы пасядзелкі сталі яркім прыкладам захавання і папулярызацыі народных традыцый, аб’яднаўшы ўдзельнікаў усіх узростаў у адзіным творчым парыве.
Вольга КІВЕЛЬ, загадчык аддзела КДД Круглянскага РДК.

