Паэзіі струна жыла ў ім з юнацтва

Наш паэт-зямляк Дзмітрый Магдалёў нарадзіўся ў лютым 1951 года ў вёсцы Жаролы Слаўгарадскага раёна, што на Магілёўшчыне. Пасля пачатковай школы, якая была ў роднай вёсцы, пайшоў у Кулікоўскую васьмігодку, а потым закончыў Слаўгарадскую сярэднюю школу № 2.
Пасля паступіў вучыцца ў Пінскі гідрамеліярацыйны тэхнікум. Закончыўшы першы курс, праходзіў службу ў радах Савецкай Арміі.
Працоўны шлях Дзмітрыя Пятровіча пачынаўся ў Клічаўскім БМУ. Завочна атрымаў вышэйшую адукацыю на гідрамеліярацыйным факультэце Беларускай сельскагаспадарчай акадэміі.
За доўгія гады работы Дзмітрый Магдалёў добрасумленна праявіў свае прафесійныя веды на адказных пасадах розных арганізацый Магілёўшчыны. Зараз жа, вось ужо больш за 20 год ён знаходзіцца на заслужаным адпачынку.
Трэба адзначыць, што зараджэнне паэтычнай творчасці ў Д. Магдалёва адбылося ў дзяцінстве. І гэта ў нямалай ступені дзякуючы той прыродзе і тым шчырым, добразычлівым людзям, якія жылі побач ў вёсцы Жаролы.
Першыя друкаваныя вершы выйшлі ў свет у Краснапольскай раённай газеце «Чырвоны сцяг». Таксама аўтар друкаваўся ў газетах «Звязда», «Магілёўскія ведамасці», «Могилёвская правда», «Ленінскае слова», «Сельскае жыццё».
Аб чым пісаў і працягвае пісаць паэт?
Трэба сказаць, аб розным. У яго скарбонцы назапашана шмат вершаў, прысвечаных прыроднай прыгажосці, любові да жанчыны, да роднага краю, вайне…
Выбух на Чарнобыльскай АЭС назаўжды пакінуў адбітак на беларускай зямлі. На жаль, вялікія перамены ў сям’і Магдалёвых таксама звязаны з гэтай катастрофай. Прыйшлося пакінуць малую радзіму і пераехаць да нас на Кругляншчыну, якая ўжо даўно стала блізкай сэрцу, сваёй. Таму тэма Чарнобыля стала адной з цэнтральных у яго творчасці. І такія вершы, як «Чарнобыль – апошні ўрок», «Чарнобыльскі след», «Да 20-годдзя Чарнобыльскай бяды» і іншыя, кранаюць сэрца чытачоў. Аўтар не на славах ведае, як гэта цяжка пакідаць родныя мясціны, таму і з’явілася песня-прысвячэнне «Землякам-чарнобыльцам», як своеасаблівая памяць аб тым куточку, дзе нарадзіўся, да якога прырос усёй душой і сэрцам, аб тых людзях, якія аставілі глыбокі след у душы паэта.
У 1996 годзе на свет з’яўляецца зборнік вершаў паэтаў Круглянскага раёна «Друцкія зарніцы». Адным з дванаццаці сааўтараў стаў і Дзмітрый Магдалёў. Праз некалькі год выйшла ў свет яго асабістая кніга вершаў пад назвай «Зямля мая – журба мая, маё каханне». У 2009 годзе надрукаваны яшчэ адзін зборнік пад назвай «Я прочту, что на сердце написано». У ім сабраны вершы, якія адлюстроўваюць душэўныя перажыванні і разважанні на розныя жыццёвыя тэмы.
Самае галоўнае, што Дзмітрый Магдалёў пранёс праз усё жыццё, – гэта любоў да паэзіі, з якой пасябраваў з маленства. Рамантык у душы, заўжды заўважае ва ўсім, што яго акружае, нешта прыгожае і таямнічае. Таленавіты чалавек умее бачыць і ў зусім простым і штодзённым прыгажосць, якую ўмела складае ў вершаваную рыфму слоў.
Святлана ШУТ.
