Будзем чытаць!

Самым папулярным і прэстыжным конкурсам юных чытальнікаў, несумненна, з’яўляецца конкурс «Жывая класіка», які праводзіцца штогод ад школьнага да рэспубліканскага этапаў. Не магу не адзначыць, што для асобных вучняў ён стаў ужо традыцыйным. Так, Марыя Кудрэвіч, вучаніца 7 класа, не раз станавілася пераможцай конкурса на школьным і раённым узроўнях. На сёлетнім абласным этапе конкурса «Жывая класіка» Марыя стала абсалютнай пераможцай у сваёй узроставай катэгорыі. Са сцэны ДУДА «Абласны цэнтр творчасці» яна пранікнена расказала сваім слухачам гісторыю балтыйскага марака з твора А. Вольскага «Балада пра хлебную пайку». Таленавітая, неардынарная дзяўчына змагла «расфарбаваць» чорна-белыя словы, удыхнуць у іх жыццё і даць магчымасць слухачам пражыць яго разам з героямі балады.

Словы падзякі трэба сказаць і маці Марыі, Наталлі Рыгораўне, якая заўсёды і ва ўсім падтрымлівае дачку, верыць у яе, робіць усё магчымае, каб не згасла ў дзіцячай душы іскра творчасці.

Не хочацца мне згаджацца з тым меркаваннем, што нашы дзеці не чытаюць мастацкую літаратуру. Самае галоўнае – захапіць дзіцяці чытаннем, паказаць яму, як і што чытаць, абмяркоўваць прачытанае і дзяліцца ўражаннямі.

Таццяна ХМЯЛЕЎСКАЯ, настаўнік беларускай мовы і літаратуры ДУА «Сярэдняя школа №1 г. Круглае».