Круглянскі сквер
Адным даволі прыкметным аб’ектам нашага горада, дзе адначасова можна і адпачыць, і дакрануцца да гісторыі, з’яўляецца сквер «Спуск да ракі». Уваход у яго пільна аберагае вялізны валун, ля подножжа якога мінулым летам закладзена капсула часу з пасланнем да нашчадкаў. Павольна спускаючыся адтуль да прыгажуні-Друці, абавязкова затрымайцеся ля змястоўных гістарычных стэндаў, палюбуйцеся адноўленай танцпляцоўкай, якая цёплай парой не сумуе без мерапрыемстваў, а час ад часу і ўвогуле пераўвасабляецца ў кінатэатр пад адкрытым небам. І, канешне ж, не забудзьцеся сфатаграфавацца каля шматлікіх упрыгожваючых сквер элементаў.