КНІГІ АД ВЕТЭРАНА-ЗЕМЛЯКА
Напрыканцы жніўня ў раённы аддзел адукацыі завітаў незвычайны госць – жыхар расійскага горада Калуга, палкоўнік запасу, ветэран Вялікай Айчыннай вайны і Узброеных Сіл Яўген Кузьміч Комлеў.
Напрыканцы жніўня ў раённы аддзел адукацыі завітаў незвычайны госць – жыхар расійскага горада Калуга, палкоўнік запасу, ветэран Вялікай Айчыннай вайны і Узброеных Сіл Яўген Кузьміч Комлеў.
Прыезд на Кругляншчыну гэтага чалавека быў зусім невыпадковым: Яўген Кузьміч – наш зямляк, яго малая радзіма — вёска Ліхіні-чы, пазней перайменаваная ў Ракушава. Вось і вырашыў ветэран, якому ў сёлетнім маі споўнілася 83 гады, яшчэ раз прайсці па сцежках свайго маленства, пабачыцца з землякамі, пачуць мілагучную беларускую мову.
Трэба сказаць, што і ў такім вельмі паважаным узросце ён жыве цікавым і насычаным жыццём, актыўна ўдзельнічае ў ваенна-патрыятычным выхаванні моладзі. Пасля выхаду ў 1982 годзе ў адстаўку Яўген Кузьміч актыўна заняўся літаратурнай творчасцю. Ён – член Расійскага Саюза прафесійных літаратараў. Падрыхтаваў і выдаў 11 кніг мемуарна-біяграфічных, дакументальна-біяграфічных і гісторыка-краязнаўчых нарысаў і аповесцяў. Аўтар паставіў перад сабой высакародную і важную мэту – захаваць для нашчадкаў гераічны подзвіг народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны, памяць аб героях тых незабыўных і суровых дзён. У першай кнізе серыі “Вместе с Родиной” Я.К. Комлеў у адным з раздзелаў расказвае аб гераічнай дзейнасці Круглянскага партыйна-камсамольскага падполля “ОБЗОР”. У наступных прадстаўлены дакументальна-біяграфічныя аповесці пра відных военачальнікаў часоў Вялікай Айчыннай вайны і нашых дзён, аднапалчан, якія праявілі мужнасць і гераізм у “гарачых кропках” свету, у тым ліку ў Карэі, В’етнаме. Кожная з кніг Я.К. Комлева – сапраўдны падручнік мужнасці для сённяшняй нашай моладзі. І ў Круглае, на сваю малую радзіму, якраз напярэдадні Дня беларускага пісьменства наш зямляк прыехаў не з пустымі рукамі. Па камплекту сваіх кніжак ён перадаў у бібліятэкі Круглянскіх СШ №1 і №2, а таксама ў раённы гісторыка-краязнаўчы музей.
Намеснік начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Ірына Уладзіміраўна Крывіцкая шчыра падзякавала ветэрану-земляку за такі цудоўны падарунак, пажадала здароўя, бадзёрасці і аптымізму на доўгія гады і, вядома ж, новых творчых знаходак, новых кніжак, якія так патрэбны сённяшняй моладзі.
М. ВАДАП’ЯН.